Чым закончыцца “аптымізацыя” дзяржапарата?



Адзін з прафсаюзных лідараў Аляксандр Бухвостаў распавядае, чым можа закончыцца “аптымізацыя” дзяржапарата.

Новы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец паабяцаў працягваць аптымізацыю дзяржаўнага апарата.

„Сёння пастаўлена такая задача і перад урадам, і перад Адміністрацыяй прэзідэнта, – заявіў ён. – Трэба правесці аптымізацыю, каб не было паўтарэнняў, каб не было людзей, якія проста сядзяць у крэслах, нічога не робяць, проста адбываюць свой нумар. Самае галоўнае – гэта эфектыўная, якасная работа”.

Аляксандр Бухвостаў: Калі кажуць пра аптымізацыю чыноўнікаў, то мне заўсёды ўяўляецца, што ад гэтага церпяць у першую чаргу простыя работнікі. Закручваюць гайкі чыноўнікам, а тыя ў сваю чаргу таксама знойдуць, з каго спагнаць сваю злосць. Рэсурс, які выкарыстоўвае цяперашняе кіраўніцтва краіны, нярэдка зводзіцца да адміністрацыйнага. Мала хто думае пра нейкія рэформы ці ініцыятывы ў вытворчасці. Таму краіна і знаходзіцца ў тым крызісе, што бачым. Але эфектыўнасць ад “аптымізацыі”, як мне падаецца, будзе дастаткова нізкая, таму што эканоміка патрабуе рэформаў і дэмакратызацыі ўпраўлення. Нельга эфектыўна кіраваць, калі толькі ціснуць на людзей праз запалохванні. Але, на жаль, у Беларусі такая сістэма. Хоць відавочна адно – нешта змяняць і на самой справе трэба.

РР: Ці працягнецца скарачэнне чыноўнікаў?

Аляксандр Бухвостаў: Думаю, працягнецца. Праўда, у нас нярэдка, калі пачынаюць іх скарачаць, то гэты апарат толькі павялічваецца. Армія чыноўнікаў у Беларусі дастаткова вялікая, таму што так пабудавана сама структура кіравання ў краіне. Вось і сядзіць процьма дармаедаў. Замест таго, каб узяць некалькі эфектыўных менеджараў, якія, скажам, утрох змогуць зрабіць работу дзесяці. Відаць, ужо ў кіраўніцтве краіны гэта зразумелі. Іншае пытанне: хто каго пераможа? Бо чыноўнік – гэта непасрэдны ўдзельнік створанай сістэмы. Беларусь, дарэчы, утрымлівае адну з самых вялікіх армій чыноўнікаў. Мне падаецца, што гэтую арду не перамагчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nedelia.lt