Да 1 кастрычніка закрыецца беларускае пасольства ў Канадзе



Да 1 кастрычніка 2021 года будзе закрытае беларускае пасольства ў Канадзе. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 22 траўня, якая апублікаваная 26 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

МЗС даручана „прыняць меры па закрыцці пасольства <…> з ажыццяўленнем фінансавання расходаў па закрыцці ў межах сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманне гэтай установы”.

Прычыны закрыцця дыппрадстаўніцтва ў дакуменце не пазначаныя.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Канадай былі ўсталяваныя 15 красавіка 1992 года. Беларускае пасольства ў Атаве было адкрытае ў 1997 годзе, за інтарэсы Канады ў Беларусі адказвае пасольства ў Польшчы.

З даведкі беларускага знешнепалітычнага ведамства аб адносінах з Канадай: „З 2006 па 2015 гады афіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і Канадай абмяжоўваліся па ініцыятыве канадскага боку. У 2006 і 2007 гады ўрад Канады таксама прыняў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь абмежавальныя меры, выключыўшы Беларусь у рамках двухбаковага гандлю з канадскага рэжыму агульных прэферэнцый і ўвёўшы ліцэнзаванне на экспарт канадскіх тавараў у Беларусь. У выніку паляпшэння двухбаковых адносін 12 ліпеня 2017 года Канада адмяніла абмежаванні на ажыццяўленне паставак канадскіх тавараў і паслуг на рынак Беларусі… Канадская карпарацыя па развіцці экспарту і Камерцыйная карпарацыя Канады аднавілі супрацоўніцтва з Беларуссю. З 2017 года да жніўня 2020 года двухбаковыя адносіны развіваліся канструктыўна, назіралася зацікаўленасць бакоў у актывізацыі супрацоўніцтва ў палітычнай, камерцыйнай, парламенцкай і міжведамаснай абласцях. Бакі аднавілі практыку рэгулярнага правядзення кансультацый паміж МЗС, павысілі ўзровень двухбаковых кантактаў… Крытычная ацэнка вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што прайшлі ў жніўні 2020 года, і далейшых падзей стала прычынай увядзення Атавай санкцый у дачыненні да пэўных службовых асобаў Беларусі, уключаючы кіраўніка дзяржавы. У якасці меры ў адказ Мінскам уведзеныя абмежаванні на ўезд некаторым афіцыйным асобам Канады”.

6 красавіка Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб беларускіх замежных установах прапанаваў аптымізаваць колькасць пасольстваў і штат дыпламатычных місій: „У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць пра тое, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, што пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой”.

„Як мінімум у некалькіх краінах мы закрыем нашы пасольствы, дзе мы бачым, што на працягу доўгага перыяду іх праца не прыносіць патрэбнай знешнеэканамічнай аддачы”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках нарады.

belapan.by