Да Уладзіміра Някляева не пусцілі адваката



Да палітыка і паэта Уладзіміра Някляева, які адбывае сем сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску, 18 верасня не пусцілі адваката.

„Сказалі, што ўсе кабінеты занятыя, але гэта традыцыйны адказ, калі не хочуць пускаць”, — паведаміла БелаПАН жонка Някляева Вольга.

Сёння Някляева прынесла ў ЦІП перадачу. Там ёй сказалі, што ціск у мужа нармальны. „Але мне патэлефанаваў чалавек і сказаў, што ўначы ў яго ішла носам кроў. Там амаль нічога не рабілі, не выклікалі хуткую дапамогу. Таму дакладна сказаць, як у яго са здароўем, не магу”, — адзначыла жонка палітыка.

Вольга Някляева ўсё яшчэ не ведае, за якое менавіта правапарушэнне арыштаваны яе муж. „У судзе Савецкага раёна Менска акрамя таго, што яму далі сем сутак, нічога растлумачыць не змаглі. Пастанова суда ў яго на руках, таму даведацца, за што яго судзілі, змагу толькі пасля выхаду на волю. Ужо нават жонцы ніякай інфармацыі ў судзе не даюць”, — сказала яна.

Раніцай 15 верасня Някляеў пайшоў да ўрача і дамоў не вярнуўся. У другой палове дня Вользе Някляевай патэлефанаваў чалавек, які назваўся дзяржаўным адвакатам. З размовы стала зразумела, што ён выкладаў інтарэсы яе мужа ў судзе Савецкага раёна Мінска, дзе Някляева судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Апошняя несанкцыянаваная акцыя, у якой удзельнічаў апазіцыйны палітык, адбылася 8 верасня ў цэнтры Менска і была накіраваная супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”. Акцыю арганізавала рада Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная ў Беларусі).