Дапамогу Беларусі ў рамках праграмы USAID плануецца спыніць



Фінансаванне праграм прапануецца цалкам спыніць таксама для Азербайджана, Чарнагорыі, Польшчы.

Ад наступнага году можа быць спынена дапамога Беларусі ў рамках праграмаў Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID). Гэта вынікае з апублікаваных часопісам Foreign Policy дакументаў, якія ўтрымліваюць прапановы прэзідэнта Дональда Трампа скараціць выдаткі бюджэту на 2018 год. У тым ліку — за кошт праграмаў USAID.

Сродкі ў памеры амаль 8 мільёнаў даляраў для Беларусі прапануецца скараціць на 100%. Гэтаксама прапануецца цалкам спыніць фінансаванне праграм для Азербайджана, Чарнагорыі, Польшчы, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі й шэрагу іншых. У дачыненні да многіх дзяржаваў выдаткі прапануецца значна скараціць.

„Абяцанне прэзідэнта Трампа „Амерыка перадусім“ уключае ў сябе план на радыкальнае скарачэнне дапамогі краінам, якія развіваюцца, а таксама плануецца зьліццё Дзярждэпартамэнта і Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцці”, — адзначае Foreign Policy.

Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) з’яўляецца органам дзяржаўнага кіравання ў справе аказання дапамогі за мяжой. Асноўныя напрамкі працы ўключаюць падтрымку гандлю, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, гуманітарнай дапамогі, садзейнічанне ў прадухіленні канфліктаў і падтрымку дэмакратыі.

У Беларусі USAID працуе ад 1999 году й ставіць задачай „садзейнічанне станаўленню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы з рынкавай эканомікай, разьвіццю беларускай грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектару й мясцовых арганізацый”. USAID рэалізуе ў Беларусі шэраг праектаў у розных сфэрах, у тым ліку праграмы прафесійных стажыровак Community Connections.

Польскае Радыё