Дарадцы Трампа правяралі, ці Польшча не атакуе Беларусь? (абноўлена)



Запыт Белага дому «пра звесткі аб «нападзе» Польшчы на Беларусь» можа быць сведчаннем асаблівай увагі новай адміністрацыі Трампа да нашай краіны, мяркуе вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

Амерыканскае агенцтва «Асашэйтэд прэс» на выходных паведаміла пра незвычайны запыт новай амерыканскай адміністрацыі да спецслужбаў краіны. Паводле агенцтва, дарадцы па нацыянальнай бясьпецы запытвалі інфармацыю пра польскае «ўварванне» ў Беларусь.

Некаторыя эксперты бачаць у гэтым запыце пагрозу для суверэнітэту Беларусі, аднак Аляксандр Алесін лічыць, што Белы дом згадаў Беларусь па іншых прычынах:

– Па некаторых дадзеных, Трамп збіраецца ўзяць пад адмысловую апеку Беларусь. СМІ апублікавалі інфармацыю пра тое, што адміністрацыя Трампа запытвала пра магчымую пагрозу Польчшы Беларусі. Яны імкнуцца ўдакладніць сітуацыю ў дадзеным рэгіёне. І тое, што яны на гэтым абшары выдзяляюць Беларусь, гаворыць пра тое, што адміністрацыя ЗША, улічваючы тое, што зяць прэзідэнта Кушнер ведае дзе Беларусь і з’яўляецца старшым саветнікам Трампа, то я думаю, што ніхто ў дадзенай сітуацыі не наважыцца здзейсніць нейкую варожую акцыю супраць Беларусі.

Папулярны і аўтарытэтны вайсковы блог War Is Boring назваў звесткі пра запыт адміністрацыі Трампа «непакоячымі». Амерыканскія аналітыкі лічаць верагодным сцэнар захопу Беларусі пад маркай вучэнняў Захад-2017. Кіраўнік жа Беларусі падчас «вялікай размовы» заявіў, што колькі расейскіх жаўнераў прыедзе на вучэнні, столькі ж іх назад і з’едзе.

* * *

Дзіўная дэпеша з’явілася на сайце Associated Press. Згодна з тэкстам агенства, дарадцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа правяралі, ці Польшча не праводзіць інтэрвенцыі ў Беларусі. Дэпеша спасылаецца на аднаго з чыноўнікаў Белага Дома, які перадаў інфармацыю, быццам бы дарадцы прэзідэнта ЗША даведваліся пра “Polish incursions in Belarus”. Слова “incursions” можна перакласці як  “інтэрвенцыя”, альбо “нашэсце”.

Агенства Associated Press адначасова асцерагае, што не мае “цвёрдых доказаў”, якія сведчылі б пра такія паводзіны атачэння прэзідэнта ЗША.

Цалкам дэпешу можна прачытаць тут.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters