У Менску з візітам знаходзіцца дэлегацыя Еўрапарламента (абноўлена)



Беларусь зацікаўленая ў развіцці адносін з Еўразвязам, заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.

Ён падкрэсліў, што гэта першая афіцыйная сустрэча беларускіх дэпутатаў з еўрапарламентарыямі. „Успрымаю гэта як добры знак таго, што нашы адносіны развіваюцца пазітыўна і набіраюць абарот”, — сказаў Пірштук.

Фота БелТА

У сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Богдан Здраеўскі адзначыў, што самае галоўнае ў гэтым візіце — наладзіць дыялог. „Без добрай камунікацыі і ўзаемаразумення ніякага развіцця не будзе”, — сказаў ён.

Паводле слоў Здраеўскага, Еўрапарламент надае асаблівую ўвагу пытанням развіцця супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства і яго парламенцкага складніку — Еўранеста.

„У лютым у Беларусі пройдуць мясцовыя выбары, і мы спадзяемся, што будзе прадэманстраваны пэўны прагрэс”, — сказаў Здраеўскі.

Ён таксама адзначыў, што на гэты момант у Беларусі адсутнічаюць палітзняволеныя, а ў беларускім парламенце ёсць два прадстаўнікі апазіцыі. „Мы працягваем сачыць за тымі дзеяннямі, якія Беларусь робіць у дачыненні да сітуацыі ва Украіне. Мы адзначылі той факт, што вы не прызналі анексію Крыма”, — сказаў еўрапарламентарый.

Здраеўскі выказаў „шчырае перакананне” ў тым, што сённяшняя сустрэча „выльецца ў пашырэнне адносінаў” Беларусі з Еўразвязам.

* * * 

Дэлегацыя ў складзе пяці чальцоў Еўрапейскага парламента 18—19 ліпеня наведвае Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва Еўразвяза ў Менску, гэта другі афіцыйны візіт у Беларусь прадстаўнікоў Еўрапарламента на чале з кіраўніком дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Богданам Здраеўскім.

У складзе дэлегацыі парламентарыі Германіі, Латвіі, Літвы і Польшчы, якія прадстаўляюць чатыры палітычныя групы Еўрапейскага парламента.

Дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі ўрада і парламента Беларусі, каб „абмеркаваць ключавыя пытанні двухбаковых адносін ЕЗ і Беларусі і перашкоды па шляху да больш цеснай супрацы, якія яшчэ застаюцца”.

Польскі парламентарый Богдан Здраеўскі з кастрычніка 2014 года ўзначальвае ў Еўрапарламенце дэлегацыю па сувязях з Беларуссю. Гэтая дэлегацыя ў ЕП існуе больш як 13 гадоў, але доўгі час афіцыйны Мінск не кантактаваў з яе прадстаўнікамі. Першы кантакт адбыўся ў студзені 2014 года — намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына сустрэлася з Філіпам Качмаракам, які ўзначальваў дэлегацыю ЕП па сувязях з Беларуссю да Здраеўскага.

У чэрвені 2015 года дэлегацыя Еўрапарламента наведала Мінск, у яе складзе быў Здраеўскі. Еўрадэпутаты сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі. На сустрэчы з апазіцыяй абмяркоўваліся наступныя выбары (прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015 года), а таксама аказанне Беларусі дапамогі з боку ЕС.

Богдан Здраеўскі адрэагаваў на масавыя затрыманні ўдзельнікаў мірных пратэстаў і журналістаў у Беларусі ў сакавіку гэтага года. Ён зрабіў заяву, у якой заклікаў улады вызваліць затрыманых, а таксама падкрэсліваў: намаганні Мінска і Бруселя наладзіць двухбаковы дыялог „могуць быць падарваныя неадэкватнай рэакцыяй уладаў на дэманстрацыі”.

Дэлегацыя таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб „даведацца пра іх дзейнасць і перашкоды, з якімі яны сутыкаюцца”.

Паводле БелаПАН

[manual_related_posts]