Дэлегацыя Еўрапарламенту сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі (абноўлена)



Сёння еўрадэпутаты сустракаліся з лідарамі апазіцыйных партыяў, на сустрэчы прысутнічаў лідар АГП Анатоль Лябедзька, які між іншым закрануў пытанне сустрэчы еўрадэпутатаў у непрызнаваным ЕЗ беларускім парламенце:

– Я задаў пытанне пра тое, што насамрэч адбывалася. Адказ Здраеўскага: “Мы сустракаліся з прадстаўнікамі Верхняй палаты. Еўрапейскі парламент не прызнае беларускі парламент, Ніжнюю палату, лічыць, што яна не абрана ў выніку свабодных выбараў. А Верхнюю палату мы разгладаем як частку адміністрацыі”. Па іхных словах, яны сустракаліся не з прадстаўнікамі парламенту, а з адміністрацыяй. І гэта ёсць прынцыповая пазіцыя Еўрапарламента.

Удзел у сустрэчы прымаў таксама намеснік старшыні «Справядлівага свету» Уладзімір Ухналёў, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, лідары руху «Гавары праўду» — Андрэй Дзмітрыеў, Беларускай Сацыл-Дэмакратычнай Партыі «Грамада» — Ірына Вештард.

Яшчэ сёння еўрадэпутаты правядуць сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з сем’ямі палітвязняў.

* * *

Сустрэча з лідарамі беларускіх апазіцыйных партый  – першая ў павестцы дня дэлегацыі Еўрапарламенту па справах Беларусі. Дэлегацыя знаходзіцца з двухдзённым рабочым візітам ў Менску. На сустрэчу запрошаны лідар Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

– Ёсць тэмы для размоў – гэта і палітвязні, і свабодныя і сумленныя выбары, і фармат дапамогі для Беларусі, праз якія каналы і на якія прыярытэты ён мусіць быць скіраваны. Таму я рыхтуюся да змястоўнай дыскусіі. Да гэтага часу еўрадэпутаты былі прынцыповымі і паслядоўнымі. І мы маем мажлівасць сустракацца сам насам. Паслухаем іхныя аргументы, прывядзём свае. Маю адчуванне, што дыскусія атрымаецца ўсё ж такі канструктыўнай.  

Нагадаем, учора еўрадэпутаты правялі шэраг сустрэчаў у дзяржаўных  структурах, між іншым – у Міністэрстве замежных спраў Беларусі і ў Савеце Рэспублікі. Сёння чакаецца таксама сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і з сем’ямі палітычных вязняў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by