Дэлегацыя польскага Сейму два дні правяла на Гарадзеншчыне



Дэлегацыя польскага Сейму, якая правяла два дні на Гарадзеншчыне, цікавілася ў мясцовых уладаў сітуацыяй польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі.

Пра гэта распавяла Анжаліка Борыс, старшыня непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі, які прэзентаваў вынікі сваёй дзейнасці 11 дэпутатам, якіх суправаджае амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжак.

Адной з галоўных тэм сустрэчы польскай дэлегацыі з кіраўніком Гарадзенскай вобласці стала сітуацыі школаў з польскай мовай навучаньня, паведаміла Анжаліка Борыс:

Перш за ўсё гэта, вядома, навучанне ў польскіх школах у Гародні і Ваўкавыску. Па інфармацыі, якую мы маем, тыя папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі да пачатку навучальнага года разглядацца не будуць. Як бы ўлады пакуль што замарожваюць гэтую справу. Гэта важнае пытанне для нас і камісія ўздымала яго на сустрэчы з уладамі, з кіраўніком Гарадзенскай вобласці. Справа тычыць таксама дзіцячага садка, польскай групы, 83-га ў Гародні.

Таксама дэлегацыя польскага Сэйму наведала былыя гарнізонныя могілкі, дзе знаходзяцца магілы жаўнераў Войска Польскага і ўсталяваны Катыньскі крыж, наведала польскія мемарыялы ў Наваградку і Ваўкавыску.

****

29 чэрвеня

Дэлегацыя польскага Сейму знаходзіцца з двухдзённым візітам у Гародні. Мэта візіту — знаёмства з сітуацыяй польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

У склад дэлегацыі ўваходзяць 11 дэпутатаў, якіх суправаджае амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжак.

У сераду, 28 чэрвеня. польскія парламентарыі сустрэліся з кіраўніцтвам непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі, а таксама адукацыйнай арганізацыі Polska Macierz Szkolna. Як паведаміла старшыня непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, сёння дэлегацыя наведвае знакавыя для палякаў месцы на Гарадзеншчыне.

— Сёння мы ўвесь дзень ездзім па месцах памяці, наведваем могілкі. Вось цяпер мы едзем з Навагрудка ў Ваўкавыск, дзе могілкі 1920 года. Там будзе сустрэча з сябрамі аддзялення Саюза палякаў у Ваўкавыску, з моладдзю. Вось такі двухдзённы візіт камісіі польскага Сейма па пытаннях супрацы з палякамі за мяжой. 

Амбасадары таксама сустрэліся з гарадзенскім біскупам Алякасандрам Кашкевічам і ўсклалі кветкі на магіле пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Таксама дэлегацыя польскага Сейму наведала былыя гарнізонныя могілкі, дзе знаходзяцца магілы жаўнераў Войска Польскага і ўсталяваны Катыньскі крыж.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя