Дэмакратычныя аб’яднанні Беларусі патрабуюць вызвалення Рыгора Кастусёва



Аб’яднанні рознай палітычнай скіраванасці выказваюць недавер да высунутых супраць лідара БНФ абвінавачванняў у змове з мэтай гвалтоўнага захопу ўлады, а таксама заяўляюць агульную пазіцыю што да непрыняцця гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы.

Супольную заяву падпісалі лідары БСДП (Грамада), Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі “Зялёныя”, Партыі БНФ ды грамадскага аб’яднання “Рух “За Свабоду”.

Патрабуем вызвалення старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі, якія ў сваёй дзейнасці ды ідэалогіі прынцыпова стаяць на пазіцыях непрымання гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы, патрабуем вызвалення і спынення крымінальнага пераследу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Мы ведаем, што ў сітуацыі цяперашняга супрацьстаяння ў беларускім грамадстве Рыгор Кастусёў як кіраўнік Партыі БНФ, афіцыйна зарэгістраванай палітычнай арганізацыі, што будуе сваю дзейнасць на нормах заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з уласнымі статутам і праграмай, заўжды выступаў з заклікамі да дыялогу і мірнага вырашэння любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе супольных інтарэсаў беларускага народа, неаднаразова заклікаў удзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасці, падкрэсліваючы недапушчальнасць распальвання варажнечы ў беларускім грамадстве.

Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі не браў і не мог браць ўдзелу ў змовах ці любых іншых дзеяннях, скіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам.

Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі з’яўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў асяродкі, на грамадзянскую супольнасць.

Мы заклікаем да спынення палітычных рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх палітычных вязняў, якія зняволеныя за мірныя дзеянні па выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі згодна з нормамі пра свабоду мірных сходаў і свабоду слова.

Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юры Губарэвіч, старшыня грамадскага аб’яднання “Рух “За свабоду” Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зьміцер Кучук, старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ