Дэманстранты ля Дома ўрада скандавалі: „Верым! Можам! Пераможам!”
У 21.00 людзі ўсталі і пачалі паціху разыходзіцца з плошчы Незалежнасці, скандуючы: „Верым” Можам! Пераможам!”. На развітанне яны запалілі ліхтарыкі.
* * *
Зараз плошча перад Домам ураду запоўненая сотнямі людзей, што сядзяць на зямлі.
Фота: twitter.com/MBKhMedia
Насупраць іх стаіць АМАП.
Фота: twitter.com/RFI_Ru/
* * *
Пратэстоўцы сабраліся непасрэдна перад Домам ураду. Яны крычаць «Пераменаў!», «Лічы галасы!», „Ярмошыну ў турму!”.
Да будынка ўраду прыбылі яшчэ АМАПаўцы. У агульнай складанасці тут знаходзіцца каля 60 сілавікоў. Яны адціснулі людзей на адлегласць каля 100 метраў ад будынка ўраду.
Людзей просяць разыйсціся. Ля ўезда на праспект з боку БДУ стаяць машыны міліцыі, мікрааўтобус, два вадамёта і іншая тэхніка.
Рабочыя сышлі з плошчы Незалежнасці пасля таго, як атрымалі інфармацыю аб магчымых правакацыях. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з актыўных удзельнікаў пратэсту — рабочы Мінскага трактарнага завода.
„Мы — мірны народ, нам не патрэбныя кроў і боль”, — заявіў ён. Паводле слоў суразмоўцы, з панядзелка рабочыя МТЗ плануюць баставаць і выходзіць на вуліцы раніцай і днём, калі іх патрабаванні не будуць выкананыя.
На плошчы Незалежнасці цяпер каля дзвюх тысяч чалавек. Асноўная маса сканцэнтраваная каля ўваходу ў ЦВК і Чырвонага касцёла. Яны стаяць, размаўляюць.
* * *
З Уручча ў бок цэнтру рухаецца калона спецтэхнікі, аўтобусаў з сілавікамі, паведамляюць чытачы tut.by. Заўважаныя таксама вадамёты.
АМАПаўцы, якія ахоўваюць будынак урада, апусцілі шчыты, паведамляе tut.by. Людзі пачалі скандаваць: „Малайцы!». Да аднаго з АМАПаўцаў падбегла дзяўчына і пацалавала яго.
У Чырвоным Касцёле звоняць званы.
* * *
Некалькі тысяч рабочых Менскага трактарнага завода ідуць да Дома ўрада. Калона перыядычна скандуе: „Жыве Беларусь!”
Калона мінавала Кастрычніцкую плошчу. Да рабочых далучаюцца пратэстоўцы.
Людзі ідуць наўпрост па праезнай частцы.
Дэманстрацыі папярэднічаў прыезд на МТЗ прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі і міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка. Яны збіраліся правесці з рабочымі сустрэчу без журналістаў. Рабочыя адмовіліся размаўляць з чыноўнікамі ў такім фармаце. Яны пакінулі сустрэчу, выйшлі да журналістаў і зачыталі ім свае патрабаванні. Гэта — адстаўка Лукашэнкі, правядзенне сумленных выбараў з удзелам незалежных назіральнікаў, вызваленне палітвязняў, спыненне ганенняў на альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, свабодны доступ да інфармацыі.
