Дэпутат Марзалюк прапанаваў заснаваць Дзень беларускай дзяржаўнасці



Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падумаць над прапановай дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка аб заснаванні Дня беларускай дзяржаўнасці. З адпаведным зваротам парламентарый звярнуўся да кіраўніка дзяржавы пасля яго выступу з пасланнем народу і парламенту 19 красавіка. 

Марзалюк заявіў, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці налічвае больш за тысячу гадоў. Паводле яго слоў, „самым старажытным і самым ганарлівым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі нашай краіны было Полацкае княства”. Дэпутат адзначыў, што ў той час на тэрыторыі Усходняй Еўропы было тры сталіцы — у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку. Ён паведаміў, што нядаўна ў Бабруйску быў знойдзены шлем Ізяслава Полацкага, які цяпер на рэстаўрацыі. „Мы яго будзем выстаўляць і ганарыцца гэтым”, — адзначыў Марзалюк. 

„З умовай таго, што малой радзімай усіх беларусаў з`яўляецца Полацк, як вы лічыце, ці дарэчы было б, не прымяншаючы наша святое свята Дзень Незалежнасці, увесці Дзень беларускай дзяржаўнасці і святкаваць яго 5 чэрвеня, у дзень памяці Ефрасінні Полацкай? Яна была і полацкай князёўнай, і з`яўляецца святой апякункай Беларусі, якой пакланяюцца і каталікі, і праваслаўныя”, — прапанаваў Марзалюк. 

Паводле слоў Лукашэнкі, у яго „пакуль няма меркавання на гэты конт”. „Гэта некалькі нечакана для мяне. Напэўна, ты ў акаўнтах не размяшчаў гэтую тэму, таму я не прачытаў яе нідзе. Мне трэба вельмі сур`ёзна падумаць. Аднак калі вы сказалі пра Кіеў, Ноўгарад, Полацк. Так, гэта было. Я падумаў, у некаторых нашых палітыкаў цяперашніх сёння прынятае казаць пра тое, ну якая гэта краіна. Яе не было. Але цяпер яна ёсць. Гэта не аргумент. Так, Кіеў, Ноўгарад, Полацк — гэта наша калыска, славянскіх народаў і іншых, магчыма. Але гэта не значыць, што потым не з`явіліся больш моцныя цэнтры, у выглядзе Масквы і гэтак далей”. 

Лукашэнка лічыць, што неабходна падумаць, „каб потым нікога не пакрыўдзіць, я як гісторык гэта разумею”. „Але гэта цікавая прапанова. У мяне не хапае ведаў тут. Трэба разумець, што такое дзень дзяржаўнасці, што такое дзень незалежнасці. Прапаноўвалі і дзень прыняцця Канстытуцыі абазначыць. Таму, каб не было спешкі, давайце разам падумаем, каб не трапіць пад крытыку. А пытанне вельмі актуальнае і цікавае. Асабліва з пункта гледжання таго, каб паказаць усяму свету, што нашы землі беларускія — гэта найстаражытнейшыя землі, і дзяржаўнасць да нас прыходзіла і выходзіла шмат разоў, і мы стваралі дзяржаўныя нарматыўна-прававыя акты. Вось у гэтым рэгіёне першымі дакладна і кніжкі друкавалі, і героі ў нас ёсць сапраўдныя беларускія. Гэта правільна, гэты трэнд ужо ёсць. Гэта нахіл у нашай палітыцы слушны, не ў папрок некаму, не ў дакор камусьці, мы гэта будзем рабіць. Мы ў гэтым плане падумаем і над вашым пытаннем”, — заявіў ён.

belapan.by