Дэпутат ПП НС Гайдукевіч заявіў, што ў яго дом кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заявіў, што на яго дом напалі.

„Ноччу ў мой дом, дзе жывуць мае дзеці, кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю! Першая бутэлька выбухнула! Па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў! Перакананы, мы знойдзем вінаватых. Вось такую дэмакратыю нам рыхтуюць”, — напісаў Гайдукевіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” вечарам 11 ліпеня.

„Працуе следча-аператыўная група. Устанавілі ўжо тры бутэлькі з сумессю! Дзякуй богу, ніхто не пацярпеў! Выбухнула адна бутэлька з трох”, — дапоўніў ён пасля.

У 2020 годзе Гайдукевіч балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, але зняў сваю кандыдатуру. „Мы свае прэзідэнцкія амбіцыі нікуды не прыбіраем. На гэтых выбарах мы не выйграем, а значыць, проста піярыцца я не буду. У мяне досыць вядомасці, дастаткова прынцыповасці. Я шчыра лічу, што зараз вельмі важна яднанне і кансалідацыя краіны. Вакол каго? Няма іншага кандыдата, акрамя дзейнага прэзідэнта. Ён адзіны гарант незалежнасці і суверэнітэту краіны. Калі мы цяпер гэта не зразумеем, мы вельмі шмат страцім… Я не магу быць прастытуткай, я буду выразна адстойваць свае перакананні. Сёння кажу пра тое, што мы павінны захаваць краіну, забяспечыць яе кансалідацыю і праводзіць рэформы”, — растлумачыў прынятае рашэнне палітык.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў аб прадухіленні замаху на супрацоўніка тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка.

belapan.by