Дэпутатку Ірыну Даўгалу ўнеслі ў базу „Міратворац”



Дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі №34 Ірыну Даўгала ўнеслі ў базу дадзеных украінскага сайта „Міратворац”.

Падставамі названыя „антыўкраінская прапаганда” і „ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны”, паведамляе REFORM.by.

На сайце прыведзеныя вытрымкі допісаў з яе Telegram-канала і старонкі ВКонтакте, дзе яна піша пра тое, што „Украіна ўжо не памятае ці не жадае памятаць крывавыя старонкі сваёй гісторыі”, украінскія ўлады „не могуць прымаць самастойныя рашэнні”, далучаюцца „да заяваў і санкцый ЕЗ” супраць Беларусі, насуперак „добрасуседскім адносінам” і „славянскаму братэрству”.

У верасні мінулага года ў базе аказаўся Аляксандр Лукашэнка, які названы «памагатым прарасійскіх тэрарыстаў і расійскіх захопнікаў”. У ліпені 2020 года ў базу „Міратворца” за наведванне Крыма ўнеслі Сяргея Ціханоўскага. Увесну гэтага года ў базу „Міратворца” трапілі супрацоўнікі СТВ Рыгор Азаронак і Юлія Арцюх.

Сайт „Міратворац” быў створаны ў 2014 годзе. На ім размяшчаюцца персанальныя даныя людзей, якіх аўтары партала лічаць датычнымі да „злачынстваў супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны”.