Дэпутаты Еўрапарламента 8 чэрвеня абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі



Сітуацыя ў Беларусі будзе абмеркаваная на сесіі Еўрапарламента, што пройдзе з 7 па 10 чэрвеня ў Страсбургу.

Згодна з парадкам дня сесіі, беларускае пытанне будзе разгледжанае 8 чэрвеня. Еўрадэпутаты абмяркуюць „сістэматычныя рэпрэсіі ў Беларусі і іх наступствы для еўрапейскай бяспекі пасля выкраданняў [грамадзян] з цывільнага самалёта ЕЗ, перахопленага беларускімі ўладамі”.

Чакаецца, што ўдзел у абмеркаванні возьме вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Паводле вынікаў дыскусіі Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю, галасаванне пройдзе 10 чэрвеня.

23 траўня самалёт Ryanair рэйса Афіны — Вільню вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейская Рада заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўразвяза (EASA) 2 чэрвеня выдала дырэктыву, у якой заклікала дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

belapan.by