Дэпутаты Еўрапарламента: Беларускі рэжым перайшоў чырвоную рысу



Беларускі рэжым перайшоў чырвоную рысу, кал выкарыстаў беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян, якія патрабуюць свабоды і дэмакратычных пераўтварэнняў, гаворыцца ў заяве групы з 23 дэпутатаў Еўрапарламента. Тэкст БелаПАН перадаў дакладчык Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі, еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

 

„Праз абмежаванні і парушэнні беларускім рэжымам асноўных свабод, правоў чалавека і ашуканскія працэдуры выбараў мы не прызнаем прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 9 жніўня ў Беларусі, ні як свабодныя і справядлівыя, ні як законныя”, — гаворыцца ў заяве. Сярод яго падпісантаў у асноўным члены дэлегацыі Еўрапейскага парламента па адносінах з Беларуссю і дакладчыкі па краіне.

Еўрапарламентарыі асуджаюць рэпрэсіі і жорсткія арышты тысяч беларускіх грамадзян, сярод якіх актывісты, праваабаронцы, палітычныя апаненты, члены іх каманд, прадстаўнікі незалежных СМІ і блогеры, а таксама абмежаванне іх права на мірныя сходы і асацыяцыі.

„Гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў у ноч пасля абвяшчэння меркаваных вынікаў выбараў прыняў нябачаны раней маштаб і не можа быць апраўданы і паўтораны”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Еўрапарламентарыі „глыбока занепакоеныя адрозненнямі ў выніках экзітполаў, пададзеных беларускай дзяржавай і незалежныя назіральнікамі”. Яны шкадуюць пра абмежаванні ў дачыненні да незалежных назіральнікаў і падтрымліваюць самаадданасць беларускага грамадзянскай супольнасці, якая „даказала сваю сталасць і арганізаванасць, падаючы каштоўныя даныя незалежнага назірання за выбарамі”.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых і палітычных зняволеных і аднавіць доступ у інтэрнэт разам з іншымі сродкамі сувязі для грамадзян Беларусі. Яны таксама заклікаюць беларускі рэжым уступіць у дыялог з апазіцыйнымі партыямі і грамадзянскімі актывістамі для дасягнення кансэнсусу аб выніках галасавання 9 жніўня шляхам публікацыі рэальных вынікаў, устаноўленых на кожным выбарчым участку.

„Дзеянні беларускага рэжыму злачынныя. Яны супраць еўрапейскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў дэмакратыі. Што яшчэ больш важна, яны супярэчаць волі беларускага народа”, — падкрэсліваюць еўрапарламентарыі.

Яны заклікаюць кіраўніцтва ЕЗ ацаніць і адпаведна перагледзець адносіны з Беларуссю, прыпыніць перамовы па прыярытэтах партнёрства ЕЗ — Беларусь.

„Фінансавая падтрымка ЕЗ ніякім чынам не можа прынесці карысць беларускаму рэжыму. Яе неабходна накіроўваць праз надзейных партнёраў, у тым ліку грамадзянскую супольнасць Беларусі, каб забяспечыць дапамогу і адчувальныя вынікі для беларускага народа. Такую падтрымку варта павялічыць у адпаведнасці з патрэбамі. Сярод прыярытэтаў — даванне магчымасцяў арганізацыям грамадзянскай супольнасці, дапамога ахвярам рэпрэсій і гвалту. Еўрапейская камісія павінна наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў межах ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, — гаворыцца ў заяве.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць кіраўніцтва ЕЗ прымяніць адрасныя санкцыі супраць усіх вінаватых у фальсіфікацыі выбараў, гвалце і рэпрэсіях. „Гэтыя санкцыі павінны ўключаць не толькі вышэйшых службовых асоб Беларусі і членаў іх сем’яў, але таксама службовых асоб сярэдняга звяна рэпрэсіўных структур і цэнтральнай выбарчай камісіі. Спіс накладзеных абмежаванняў павінен уключаць забарону на паездкі ў ЕЗ і замарожванне іх актываў у ЕЗ, і яны павінны прымяняцца да тых часоў, пакуль у Беларусі не адбудуцца законныя, свабодныя і справядлівыя выбары. ЕЗ павінен забяспечыць прынцыповы і каштоўнасны падыход да Беларусі і імкнення людзей да свабоды і дэмакратычных перамен”, — заяўляюць еўрапарламентарыі.

belapan.by