Дональд Трамп стварыў уласную сацсетку



Позна ўвечары ў нядзелю, 20 лютага, у Apple App Store з’явілася прыкладанне сацсеткі Truth Social, якую запускае былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Як паведамляе Reuters, прыкладанне аўтаматычна спампавалася на прылады Apple, уладальнікі якіх аформілі перадзамову на яго раней.

Некаторыя карыстальнікі паведамілі пра праблемы з рэгістрацыяй уліковага запісу. Частка ахвотных атрымала паведамленні пра тое, што з-за вялікага попыту іх уключылі ў спіс чакання.

Да афіцыйнай публікацыі ў App Store прыкладанне было даступнае абмежаванаму колу людзей, якім прапанавалі ўзяць удзел у тэставанні.

Напомнім, што Трампу забаранілі доступ у Twitter, Facebook і YouTube пасля нападу яго прыхільнікаў на Капітолій ЗША 6 студзеня 2021 года. Тагачаснага прэзідэнта ЗША безпадстаўна звінавацілі ў публікацыі паведамленняў, што заклікаюць да гвалту.

Сацсетку Трампа запускае кампанія Trump Media & Technology Group (TMTG), якую ўзначальвае былы ўдзельнік Палаты прадстаўнікоў Дэвін Нуньес. Кампанія пазіцыянуе сябе як змагар за свабоду слова і спадзяецца прыцягнуць карыстальнікаў, якія лічаць, што іх погляды блакуюць на сама папулярных платформах.

Нуньес адзначыў, што кампанія плануе цалком запусціць сацсетку да канца сакавіка.

TMTG плануе правесці лістынг у Нью-Ёрку шляхам злучэння з кампаніяй Digital World Acquisition Corp. і атрымае $293 мільёна наяўнымі пры ўмове, што аніводны з акцыянераў DWAC не выкупіць свае акцыі.

Акрамя гэтага, у снежні TMTG прыцягнула $1 мільярда ад прыватных інвестараў. Гэтыя грошы таксама не будуць даступныя да закрыцця здзелкі DWAC.

[manual_related_posts]