Дональд Трамп: вандалы будуць сядзець у турме!



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб абароне амерыканскіх помнікаў, які прадугледжвае досыць працяглыя турэмныя тэрміны для ўдзельнікаў актаў вандалізму.

„Мне толькі што выпаў гонар падпісаць вельмі сур’ёзны выканаўчы ўказ, які абараняе амерыканскія манументы, мемарыялы і статуі… Працяглыя турэмныя тэрміны за гэтыя акты беззаконня, якія здзяйсняюцца супраць нашай вялікай краіны”, – напісаў прэзідэнт у сваім Твітары ў пятніцу 26 чэрвеня.

Трамп дадаў, што адмяніў сваю паездку на выходныя ў Бедмінстэр (штат Нью-Джэрсі), каб пераканацца, што ў Вашынгтоне захоўваюцца закон і парадак.

За мінулыя дні вандалы імкнуліся зруйнаваць некалькі помнікаў, у тым ліку статую былому прэзідэнту ЗША Эндру Джэксану, якая стаіць перад Белым домам. Спробе перакуліць помнік перашкодзіла паліцыя, некалькі чалавек былі затрыманыя.

Раней Трамп заявіў, што дазволіў федэральнаму ўраду арыштоўваць тых, хто пашкоджвае ці разбурае помнікі. Пры тым вандалам пагражае да 10 гадоў турмы.

Цягам так званых антырасісцкіх дэманстрацый у ЗША ўжо неаднаразова адбываліся напады на помнікі, іх псаванне і нават руйнаванне.

Беларускае Радыё Рацыя