Досвед еўрапейскай дэмакратыі абмяркоўваюць у Менску



Вядомыя гісторыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы і Расеі абмерклўваюць праблемы дэмакратычнага парадку ва Усходняй Еўропе.

У літоўскім пасольстве ў Менску праходзіць міжнародная канферэнцыя пад назвай “Эвалюцыя ці дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Усходняй Еўропе”, удзельнікі якой асэнсоўваюць  і пераглядаюць досвед дэмакратыі ў посткамуністычнай Усходняй Еўропе, робячы акцэнт на беларускім шляху развіцця.

Кажа доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў:

— Ведаеце, гэта яшчэ не гісторыя, гэта проста наша жыццё, бо працэс яшчэ не завяршыўся. Дзейнасць нашых беларускіх нацыянальных палітыкаў прывялі да таго, што мы змаглі спачатку абвясціць БНР, потым БССР і атрымаць дзяржаўнасць. Не такую, як хацелася б, мы ўсведамляем, што яна не была паўнавартаснай. Зараз гэты праект пад назвай Рэспубліка Беларусь ажыццяўляецца, і паспяхова, не ўсім падабаецца як, але тут ужо чыстая палітыка.  

Каардынатар ды мадэратар канферэнцыі Аляксей Ластоўскі:

— Наш інстытут «Палітычная сфера» у першую чаргу займаецца падрыхтоўкай Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Гэта вялікая імпрэза, якая збірае шмат людзей, але адбываецца па-за межамі Беларусі. Мы зразумелі патрэбу, што ўсё ж трэба ўзбагачаць інтэлектуальнае жыццё і ў нашай краіне: прывозіць замежных навукоўцаў, акадэмікаў, экспертаў. Гэта ўжо сёмая такая канферэнцыя. Адметнасць сёлетняй канферэнцыі ў тым, што раней мы рабілі іх на больш гістарычную тэматыку, а гэтая — значна больш паліталагічнага характару.

Да прысутных звярнуліся: амбасадар Літоўскай рэспублікі Андрюс Лопас і дырэктар інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, якія з’яўляюцца суарганізатарамі і каардынатарамі праекта. У Беларусі гэты праект дзейнічае сёмы год запар.

Увечары на канферэнцыі чакаецца выступ знакамітага госця з Польшчы – Богдана Цывіньскага. Гэта адзін з заснавальнікаў руху “Салідарнасць”, асабісты сябар Яна Паўла другога. Ён будзе гаварыць пра пабудову сапраўднай грамадзянскай свядомасці ў посткамуністычных грамадствах.

 

Богдан Цывіньскі, адзін з заснавальнікаў Салідарнасці, сябраваў з Янам Паўлам ІІ

Амбасадар Літвы Андрюс Лопас

Дырэктар Польскага інстытута ў Менску Матэўш Адамскі

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара