Дуда патэлефанаваў Ціханоўскай у сувязі з абвастрэннем крызісу на польска-беларускай мяжы



Абвастрэнне крызісу на беларуска-польскай мяжы абмеркавалі ўвечары 8 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.

Дуда, як адзначаецца на яго старонцы ў „Твітэры”, падзякаваў суразмоўцы „за поўную падтрымку і разуменне”. „Абараняючы нашы межы, мы абараняем Еўропу”, — напісаў польскі кіраўнік.

Такія ж словы ён адрасаваў кіраўнікам Літвы, Грузіі, Латвіі, Эстоніі і Украіны, з якімі абмеркаваў сітуацыю на мяжы.

Паводле інфармацыі прэс-службы Дуды, той выказаў падзяку за падтрымку Польшчы беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, а таксама за „падаванне дакладнай інфармацыі аб цынічным выкарыстанні мігрантаў уладамі ў Мінска і рэальных прычынах сітуацыі на польска-беларускай мяжы”.

Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што ініцыятыва званка зыходзіла ад Дуды. Паводле слоў дэмлідара, крызіс на мяжы не можа разглядацца асобна ад палітычнага крызісу ў Беларусі. Яна заявіла аб неабходнасці спыніць гвалт, каб пазбегнуць новых ахвяр.

Бакі абмеркавалі магчымыя меры націску для спынення крызісу, а таксама варыянты дастаўкі гуманітарнай дапамогі мігрантам. Разгледжаная магчымасць узняць пытанне беларускага і міграцыйнага крызісу ў Савеце бяспекі ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

У сувязі са спробай вялікай групы мігрантаў прарвацца ў Польшчу ўлады гэтай краіны 9 лістапада ў 7 гадзін (у 9 па мінскім часе) закрываюць памежны пераход „Кузніца Беластоцкая — Брузгі”. На заўтра запланаванае надзвычайнае пасяджэнне сейма ў сувязі з сітуацыяй на мяжы.