Дыяна Касцюковіч: Гэта пратэсты, якія называюцца рэвалюцыя



Ці можна казаць пра тое, што ў рэгіёнах пратэсты ўжо ідуць на спад? Ці магчымыя мірныя рэформы? Народны ўльтыматум у рэгіёне — наколькі гэта рэальна?

Адказы на такія пытанні шукала сённяшні „Госць Рацыі” — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былая кандыдатка ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дыяна Касцюковіч:

Як можна было б ахарактарызаваць пратэсты?

– Мяркую, мабыць не толькі я, што гэта рэвалюцыя. Гэта пратэсты, якія называюцца рэвалюцыя. У канцы кожнай рэвалюцыі так ці інакш мяняецца ўлада. Ці яна мяняецца карэнным чынам ці яна трансфармуецца, але змена ўлады непазбежная. Я так характарызую гэтыя пратэсты. Гэта рэвалюцыя і яна закранула ўсе сферы дзейнасці, не толькі палітычныя, але таксама эканамічныя і маральныя. Яна падзяліла людзей, але таксама згуртавала. Гэты падзел праходзіць праз сем’і і паміж калегамі на працы, паміж былымі сябрамі таксама. 

РР: Як мяркуеце, якое галоўнае адрозненне пратэстаў у Менску і рэгіёнах?

– Галоўнае адрозненне ў тым, што ў Менску пратэсты больш зарганізаваныя. Я лічу, што гэта таму, што гэта мегаполіс. Менск ў апошні час быў такой „Меккай”, куды з’яжджаліся людзі з больш высокай адукацыяй, лепшыя прафесіяналы. Людзі разлічвалі на можа быць большы заробак, інтэлектуальная эліта з’язджалася ў Менск у большасці сваёй. Таму гэтыя людзі хутчэй зразумелі, чым тыя, якія засталіся на перыферыі, што трэба рабіць. У Менску больш высокія заробкі, таму людзі могуць нешта сабе дазволіць, а не проста элементарна выжываць. Больш свабодныя людзі ў Менску. Аб’ектыўна так склалася, што ў нас з’язджаюць у Менск, а пасля ўжо з’язджаюць у нейкія іншыя краіны. Выходзіць, што больш згуртаваныя людзі ў Менску. Быць можа больш моладзі, якая амбітная. Ці ідуць на спад пратэсты ў рэгіёне? Мне здаецца гэта толькі знешне. Яны ідуць у нейкае падполле, бо хто ненавідзіць гэты рэжым, хто супраць яго, ніколі яго не палюбіць. Быць можа чакаюць свайго часу, як толькі штосьці зменіцца. Наогул пратэсты заўсёды мяняюць свае формы. Па панядзелках пачалі выходзіць пенсіянеры, гэтая форма страйкаў больш на перыферыі, чым у Менску.

РР: Як думаеце, што можа справакаваць выхад яшчэ большай колькасці людзей?

– Я б пачала з таго, што рэвалюцыі наогул непрадказальныя. Што можа справакаваць наогул невядома. Чалавека могуць забіць пяць чалавек і гэта не справакуе. Што можа быць астатняй кропляй невядома. Гэта больш небяспечна для ўладаў. Адключылі ваду ў менскім мікрараёне, ну неяк так ціха прайшло. Быць можа, калі адключаць, я не ведаю, дзе-небдзь у Жодзіне, дык там можа і выйдуць. Прычым можа выйсці ўся краіна. Невядома.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Дыяна Касцюковіч звярнула ўвагу на тое, што пасля перамогі, якую так усе чакаюць, хто ўдзельнічае ў пратэстах — чакае яшчэ доўгая і цяжкая праца. Гэта праца над тым, каб будаваць новую дэмакратычную дзяржаву.

Беларускае Радыё Рацыя