Дзень Волі дазволілі, але ў парку Дружбы Народаў



Менгарвыканкам дазволіў заяўнікам вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка правесці яе ў парку Дружбы Народаў ля плошчы Бангалор, паведамляе БелаПАН.

Адзінаму з пяці заяўнікаў Алесю Макаву, які вечарам 24 сакавіка прыйшоў на сустрэчу ў выканкам, уручылі арыгінал рашэння: збор з 12.00 да 12.30 у парку і гадзінны мітынг на сцэнічнай пляцоўцы там жа.

Макаў, які прадстаўляе рух салідарнасці „Разам”, паведаміў, што ў гарвыканкаме публічна ануляваў сваю заяўку з-за непрымальнасці прапанаванага фармату. Паводле яго слоў, на сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ з відэакамерай.

Падчас сустрэчы ў Менгарвыканкаме пра гэта паведамілі апошняму з пяці заяўнікаў, што не зняў свайго прозвішча – Алесю Макаву з Руху салідарнасці “Разам”:

– Падрабязна зачыталі рашэнне, якое заключаецца ў тым, што дазволены мітынг у парку Дружбы Народаў. Збор удзельнікаў у 12.00 – 12.30, мітынг з 12.30 да 13.30 на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы парка Дружбы Народаў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 950 чалавек. Размова была далей аб тым, што я здымаю свой падпіс, бо не згодны з такім рашэннем і месцам правядзення. І здымаю з сябе абавязкі заяўніка.

Напярэдадні заявы аб адмове арганізоўваць акцыю напісалі ўсе, акрамя дэлегаванага ў гарвыканкам Макава: адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі, член Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, прадстаўнікі руху „За Свабоду” Аляксандр Русевіч і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі.

Як паведаміў Каспяровіч, пасля парушэння гарвыканкамам заканадаўства, якое прадугледжвае вынясенне рашэння па заяўцы за пяць дзён да мерапрыемства, арганізатары вырашылі зняць з сябе адказнасць за тое, што будзе адбывацца, бо не паспеюць арганізаваць акцыю належным чынам. Заяўнікі прасілі Мінгарвыканкам дазволіць збор ля Нацыянальнай акадэміі навук і марш да парку Янкі Купалы.

Такім чынам, мітынг і шэсце да Дня Волі, якія плануюцца і на якія заклікае прыходзіць Мікалай Статкевіч – а 14-ай каля Акадэміі навук – не дазволеныя ўладамі.

9 сакавіка, перад пачаткам пераследаў апазіцыі, Аляксандар Лукашэнка заявіў на пасяджэнні пра актуальныя пытанні развіцця краіны: „Людзям для выражэння сваіх меркаванняў павінна быць адведзенае месца, як у развітых краінах Заходняй Еўропы, — Гайд-парк і іншае… Няхай людзі туды прыходзяць і выказваюць сваё меркаванне. І калі яны паклікалі туды начальніка, значыць, ён павінен там быць. І не дай бог гэтага начальніка хтосьці там пакрыўдзіць — міліцыя павінна зафіксаваць падобную абразу і прыняць самыя жорсткія меры”.

belapan.by