Дзень „выбару” на Глыбоччыне
У Беларусі сёння галоўны дзень галасавання. На галоўны пост кіраўніка краіны прэтэндуюць чатыры кандыдаты. Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць да 8 вечара.
Ці шмат беларусаў ужо адведала выбарчычыя ўчаскі на Глыбоччыне? Высвятляе наш карэспандэнт Таццяна Смоткіна:
– У Глыбоцкім раёне 33 выбарчыя ўчасткі, 17 з якіх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Я зараз у самай вялікай вёсцы Глыбоцкага раёна – у Дзеркаўшчыне. Тут пражывае каля 500 жыхароў. Я знаходжуся менавіта ля Дзеркаўшчынскага цэнтра культуры, дзе размешчаны выбарчы ўчастак №20. На ім галасуюць 780 выбаршчыкаў з 13 навакольных вёсак.
Па апошніх звестках, датэрмінова прагаласавалі 216 чалавек, што складае 36% ад усіх выбаршчыкаў. Зараз назіраецца не вельмі вялікая актыўнасць. Пераважна гэта мужчыны. Людзі прыходзяць па 1-2 чалавекі. Пасля наведвання ўчастка яны заходзяць у бліжэйшую краму і толькі пасля ідуць дадому.
Як прызналіся некаторыя мясцовыя жыхары, іх, як і шматлікіх жыхароў Глыбоччыны, прымушалі ісці на выбары, пагражаючы рознымі праблемамі на працы, у тым ліку з унясеннем у так званы чорны спіс.
На Глыбоччыне 17 сельскіх выбарчых участкаў. У адной з самых вялікіх вёсак, Дзеркаўшчыне, пражывае больш за 500 чалавек, на выбарчым участку № 20 там галасуюць 780 выбаршчыкаў з 13 бліжэйшых вёсак. Ужо вядома, што датэрмінова там прагаласавала ўжо 36% ад усіх выбаршчыкаў.
Наш карэспандэнт таксама завітала ў Дзеркаўшчыну і запыталася ў людзей, якіх сустрэла каля выбарчага ўчастка, вясковага Дома культуры, ці хадзілі яны на выбары і за каго галасавалі.
Кажуць жыхары вёскі:
Мужчына: У гэткіх гульнях не ўдзельнічаю – гэта проста фарс.
РР: Кажуць, што ў вашай мясцовасці людзей прымушаюць галасаваць, як і паўсюль на Глыбоччыне. Настаўнікам сказалі, што калі хтосьці не пойдзе на выбары, то занясуць у чорны спіс. Ці чулі вы штосьці пра гэта?
– Чуў.
Жанчына: За Лукашэнку.
РР: А чаму?
– Не ведаю, напэўна ўжо проста прывыклі.
Мужчына: За Таццяну Караткевіч. Хай жанчына пакіруе, калі дасць Бог.
Мужчына: За Лукашэнку. 20 гадоў быў пры ўладзе, так увогуле паглядзеўшы, то нармальна. Канешне хочацца лепшага, але невядома. Праграмаў астатніх не ведаю. Паездзілі б, выступілі тут, іншая справа. А так за каго? Ката лавіць у чорным куце?
Пры размове з людзьмі былі вызначаныя тры значныя адрозненні галасавання на вёсцы. Па-першае, на выбарчых участках няма шыкоўных буфетаў, замест гэтага людзі наведваюць бліжэйшую краму. Па-другое, вяскоўцы менш інфармаваныя пра кандыдатаў. Па-трэцяе, людзі больш запалоханыя, чым у горадзе, у іх вачах заўважаецца разгубленасць і страх.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
