Дзевяць аргструктур БНФ у Берасці прайшлі перарэгістрацыю



Берасцейская арганізацыя Партыі БНФ знайшла памяшканне для юрыдычнага адрасу. Дзякуючы гэтаму паспяхова прайшлі перарэгістрацыю ў абласным упраўленні юстыцыі дзевяць арганізацыйных структураў Партыі БНФ, што маюцца ў Берасце.

Берасцейская абласная арганізацыя Партыі БНФ атрымала новы юрыдычны адрас, атрымала новыя пасведчанні аб рэгістрацыі  і дзякуе за дапамогу ў пошуку памяшкання неабыякавым берасцейцам. 

 Па словах кіраўніка абласной арганізацыі Дзмітрыя Шыманскага, калі раней знайсці памяшканне для палітычнай партыі было вельмі складана – бізнесмены проста баяліся звязвацца з „палітыкай”, – то цяпер берасцейцы актыўна адгукнуліся на заклік дапамагчы з пошукам памяшкання:

– Мы атрымалі больш за 20 рэкамендацый і канкрэтных прапаноў па пошуку памяшкання. Гэта былі і проста парады ад прадпрымальнікаў, якія самі арандуюць памяшканні, і прапановы ад бізнесменаў, якія здаюць памяшканні ў арэнду. Мы дзякуем усім, хто адгукнуўся, за вашу дапамогу, за салідарнасць і словы падтрымкі! 

Працягваць легальную дзейнасць цяпер змогуць не толькі абласная структура Партыі БНФ, але і Берасцейская гарадская арганізацыя, і 7 гарадскіх партыйных суполак. 

Даведацца больш пра дзейнасць партыі ў Берасці: +375297242116 (Тэлеграм, Viber, WhatsApp), [email protected].

Нагадаем, што паводле артыкула 10 закона Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях” партыі абавязаныя мець абласныя аддзяленні ў большасці абласцей Беларусі і ў горадзе Мінску, пры гэтым кожная партыйная структура (тэрытарыяльная арганізацыя ці першасная суполка) павінна мець юрыдычны адрас. Партыя БНФ гэтае патрабаванне закона выконвае цалкам: зарэгістраваны статус маюць паўсотні арганізацыйных структур, уключна з чатырма абласнымі і мінскай гарадской (да таго ж, грамадскае крыло БНФ – Грамадскае аб’яднанне БНФ „Адраджэнне” мае яшчэ некалькі дзясяткаў зарэгістраваных суполак).

Зараз міністэрствам юстыцыі, абласнымі ўпраўленнямі юстыцыі ладзіцца буйнамаштабная праверка дзейнасці БНФ, уключна з праверкай юрыдычных адрасоў аргструктур.

Прэс-служба Парыі БНФ