„Дзеянні «Маці-328» недапушчальныя, гэта ціск на правасуддзе”



Аляксандр Лукашэнка заявіў пра недапушчальнасць паслаблення адказнасці ў дачыненні да распаўсюднікаў наркотыкаў. Пра гэта паведаміў журналістам па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

«Абмяркоўвалі пытанні далейшага змагання з наркаманіяй і злачынствамі, звязанымі з наркотыкамі. Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюднікаў наркотыкаў быць ніякага не можа.

У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні, — сказаў Валянцін Сукала. — А што тычыцца той формы, якая сёння выбрана групай маці, то гэта з’яўляецца недапушчальным, гэта ціск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас».

Старшыня Вярхоўнага суда адзначыў, што існуе законны парадак разгляду і вырашэння пытанняў па кожнай канкрэтнай скарзе. Пры гэтым ён канстатаваў, што з ліку маці асуджаных, што абвясцілі галадоўку, у Вярхоўны суд звярталіся толькі шэсць. «Прычым дзве атрымалі, як мне здаецца, па скаргах станоўчы адказ. Пакаранне было зніжана. Таму ёсць законны спосаб звароту ў Вярхоўны суд з нагляднымі скаргамі па кожным канкрэтным выпадку. Але нейкага паслаблення ўсеагульнага, асабліва для распаўсюднікаў, як заявіў кіраўнік дзяржавы, не прадугледжана», — сказаў Валянцін Сукала.

Адказваючы на пытанне пра запланаваныя абмеркаванні ў парламенце змяненняў у Антынаркатычнае заканадаўства, Сукала сказаў: «Гаворка ішла менавіта пра гэта. Каб у тым праекце, які будзе, прадугледзець нейкую магчымую палёгку толькі ў дачыненні да спажыўцоў».

Старшыня Вярхоўнага суда таксама звярнуў увагу на той факт, што і ў дзейным заканадаўстве для спажыўцоў наркотыкаў прадугледжаны альтэрнатыўныя меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Так, санкцыя ч.1 арт.328 Крымінальнага кодэкса за незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

«Што тычыцца пакаранняў для распаўсюднікаў, збытчыкаў, вытворцаў наркотыкаў, то, вядома, там санкцыі суровыя, але суддзі выконваюць свой абавязак. Яны працуюць у рамках таго закона, які ёсць. Яны не маюць права карэктаваць закон. І яны ад імя дзяржавы выносяць менавіта тыя пакаранні, якія прадугледжаны ў законе», – дадаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

Паводле БелТА

[manual_related_posts]