Джэніфер Мур завяршае дыпламатычную місію ў Беларусі
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 17 ліпеня сустрэўся з часовай паверанай у справах ЗША Джэніфер Мур у сувязі з завяршэннем яе дыпламатычнай місіі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба МЗС.
Бакі абмеркавалі „актуальныя пытанні беларуска-амерыканскіх адносін”.
Макей падзякаваў Мур за яе ўнёсак у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША і ўручыў нагрудны знак адрознення органаў дыпламатычнай службы Рэспублікі Беларусь „Партнёрства”.
Мур працавала ў Беларусі са жніўня 2018 года.
Дыпмісія ЗША ў Беларусі дзейнічае без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам здарыўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. На патрабаванне беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
4 сакавіка 2019 года Менск афіцыйна папярэдзіў Вашынгтон аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
17 верасня намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйлі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэнне аднавіць дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.
20 красавіка 2020 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі. У пачатку мая Трамп ўнёс яе кандыдатуру на зацвярджэнне сената кангрэса ЗША.
Раней Мур заяўляла, што пасол можа прыбыць у Беларусь да канца лета.
