Дзяніс Садоўскі: Галоўнае слова – за беларусамі
Актывіст БХД Дзяніс Садоўскі выказаў меркаванне, да чаго можа прывесці супрацьстаянне паміж Захадам і рэжымам Беларусі.
Дзяніс Садоўскі: Калі ў нейкі момант рэжым закрыў на час мяжу з Захадам, мне падалося, што ў такой сітуацыі могуць быць два варыянты: альбо мы пераможам, альбо ідзе будаўніцтва Паўночнай Карэі ў цэнтры Еўропыі. Зрэшты, другі варыянт практычна немагчыма ажыццявіць, бо беларусы – не карэйцы і цярпець не будуць. Яны і зараз працягваюць пратэставаць, нягледзячы на ўсе запалохванні, крымінальныя справы і збіццё людзей.
Але я гляджу ў будучыню аптымістычна, бо ў гэтай так званай улады няма галоўнага – народнай падтрымкі. Усё трымаецца на штыках, на сілавіках, і яны нават свае твары баяцца людзям паказваць.
РР: Якім чынам краіна будзе суіснаваць з Захадам?
Дзяніс Садоўскі: Пакуль не бачу ніякіх перспектыў. Рэжым працягвае, як кажуць, страляць сабе ў нагу, і ўсе крокі, якія прадпрымае, толькі паглыбляюць унутраны і знешні крызіс.
Раней такія крокі можна было патлумачыць зацісканнем гаек, але сёння краіну рэальна хочуць пераўтварыць у своеасаблівую “зону”, а на мяжы з Захадам паставіць жалезную заслону.
РР: Масква, відаць, такой сітуацыяй задаволена?
Дзяніс Садоўскі: Відавочна, што ў Крамля тут свае інтарэсы, і беларускі рэжым яны падтрымліваюць да таго часу, пакуль ім гэта патрэбна. Але галоўнае слова тут усё-такі за беларусамі. Менавіта яны будуць вызначаць лёс і будучыню сваёй краіны, якую не дазволена нікому прыватызоўваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
