Дзяніс Садоўскі: Нахабства трэба паказваць



Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі распавёў, які эфект ён збіраецца атрымаць ад суда з Менгарвыканкамам.

Як ужо паведамлялася, адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску Дзяніс Садоўскі падаў іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы на дзеянні Менгарвыканкама. Апошні несвоечасова даў адказ заяўнікам з нагоды правядзення акцыі, чым і парушыў закон, а таксама, на думку заяўнікаў, безпадстаўна перанёс час і месца маршрута.

Дзяніс Садоўскі: Я з’яўляўся адным з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, і, калі самі ўлады настолькі нахабна парушаюць закон, то гэта трэба паказваць. Дайшло да такога нахабства, што ты кажаш, што два памножыць на два будзе чатыры, а табе сцвярджаюць, што тры. Дык што, закрываць на такія рэчы вочы? Казаць, што нічога страшнага не адбылося? Не, трэба паказваць нахабства, і відавочныя рэчы паспрабуем данесці ў судзе. Будзем патрабаваць, каб тых, хто парушыў закон, прыцягнулі да адказнасці.

РР: Верыце, што прыцягнуць?

Дзяніс Садоўскі: Натуральна, не веру, бо, як кажуць, рука руку мые. Але, можа быць, рэзананс, які набудзе справа, дасць пэўны эфект, і ў будучым заяўнікам будуць даваць адказы своечасова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя