Дзяніс Садоўскі: Рэжым заганяе людзей на датэрміновае галасаванне
У трэці дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кампанія “Права выбару-2016” здзяйсняла назіранне на 10 выбарчых акругах. Па дадзеных назіральнікаў, яўка за першыя тры дні датэрміновага назірання на выбарчых участках, дзе ажыццяўляецца назіранне, у большасці выпадкаў была завышаная ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі. Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016” Дзяніс Садоўскі паведаміў, што рэкардсменамі па завышэнні яўкі сталі менскія і магілёўскія ўчасткі, на некаторых з якіх яўку завышалі на некалькі соцень чалавек.
– Па ўсёй краіне мы фіксуем з кожным днём усё большы і большы адсотак людзей, якіх заганяюць на датэрміновае галасаванне. Рэжым уключае механізм загону людзей. Але цікавы факт у тым, што на тых участках, дзе нашых назіральнікаў няма, адсотак прыпісак значна большы.
Напярэдадні назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” была пададзена 101 скарга на парушэнне выбарчага заканадаўства, у тым ліку 4 у Берасці і 8 ў Гародні. Агульная колькасць пададзеных скаргаў назіральнікамі за тры дні назірання за датэрміновым галасаваннем наблізілася да двух соцень.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
