Дзярждэпартамент ЗША: Беларусь па-ранейшаму аўтарытарная дзяржава



Беларусь па-ранейшаму з`яўляецца аўтарытарнай дзяржавай. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб стане правоў чалавека ў свеце ў 2019 годзе.

„З моманту абрання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка ўмацаваў сваё кіраванне над усімі інстытутамі і падарваў вяршэнства закона аўтарытарнымі сродкамі, уключаючы маніпуляванне выбарамі і адвольныя ўказы. Усе наступныя прэзідэнцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам. Лістападаўскія парламенцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам”, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што не толькі Міністэрства ўнутраных спраў ажыццяўляе паліцэйскія функцыі, але і іншыя органы, непадкантрольныя яму, напрыклад КДБ, дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Следчы камітэт і Служба бяспекі прэзідэнта. „Прэзідэнт мае паўнамоцтвы падпарадкоўваць усе органы бяспекі свайму асабістаму камандаванню, і ён ажыццяўляў эфектыўны кантроль над сіламі бяспекі”, — канстатуюць аўтары даклада.

Яны пералічваюць асноўныя парушэнні правоў чалавека: адвольны арышт і затрыманне; небяспечныя для жыцця ўмовы ўтрымання ў турме; адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў асабістае жыццё; значныя праблемы з незалежнасцю судовай улады; неапраўданыя абмежаванні свабоды слова, друку і інтэрнэту, уключаючы цэнзуру, блакаванне сайтаў і існаванне законаў, якія тычацца крымінальнай адказнасці за паклёп на дзяржаўных чыноўнікаў; затрыманне журналістаў.

Акрамя гэтага аўтары даклада паказваюць на жорсткія абмежаванні свабоды мірных сходаў і асацыяцый, уключаючы ўвядзенне крымінальнага пакарання за заклікі да мірных дэманстрацый і законы, якія прадугледжваюць пакаранне за дзейнасць і фінансаванне груп, не ўхваленых уладамі; абмежаванні свабоды перамяшчэння, у прыватнасці былых палітычных зняволеных, грамадзянскія правы якіх заставаліся ў значнай ступені ўшчэмленымі; абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, уключаючы пастаянныя адмовы ў правядзенні выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі; карупцыю ва ўсіх галінах улады; прымус жанчын да абортаў; гандаль людзьмі.

„Улады ўсіх узроўняў часта дзейнічалі беспакарана і не рабілі ніякіх захадаў для пераследу або пакарання службовых асоб урада ці сіл бяспекі, якія ўчынілі парушэнні правоў чалавека”, — гаворыцца ў дакладзе.

belapan.by