Дзярждэпартамент ЗША: Мы будзем працягваць націск на Лукашэнку



Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя трывожнымі кадрамі і паведамленнямі з беларуска-польскай мяжы, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс на брыфінгу 8 лістапада.

„Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць палітычную эксплуатацыю і прымус уразлівых людзей рэжымам Лукашэнкі, а таксама бяздушнае і бесчалавечнае садзейнічанне рэжыму незаконным міграцыйным патокам праз свае межы ў Еўропу”, — сказаў Прайс.

„Пакуль рэжым у Беларусі адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, падрывае мір і бяспеку ў Еўропе і працягвае рэпрэсаваць і здзекавацца з народа, які ўсяго толькі імкнецца жыць у свабодзе, мы будзем працягваць націск на Лукашэнку і не спынім заклікаць да адказнасці”, — заявіў прадстаўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.

ЗША, паводле яго слоў, працягнуць падтрымліваць Польшчу і ўсіх сваіх партнёраў у Еўропе, „якім пагражаюць непрымальныя дзеянні Беларусі”.

Адказваючы на пытанне аб увядзенні новых санкцый у дачыненні да Менска, Прайс паведаміў, што сёння (8 лістапада) ні аб якіх акцыях абвешчана не будзе. „Як вы ведаеце, мы анансавалі серыю палітычных захадаў, якія ў шэрагу выпадкаў прымалі разам са сваімі партнёрамі і саюзнікамі ў Еўропе”, — адзначыў Нэд Прайс.