Дзярждума ратыфікавала пагадненне пра абмен „невыязнымі”
Дзярждума ратыфікавала расейска-беларускае пагадненне пра ўзаемны абмен звесткамі пра грамадзян, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, паведамляе агенцтва ТАСС.
Дакумент вызначае парадак інфармацыйнага абмену пра „невыязных” грамадзян РФ і Рэспублікі Беларусь у мэтах недапушчэння іх выезду ў трэція дзяржавы і прадухілення пагрозы нацыянальнай і грамадскай бяспецы ў дзяржавах – удзельніцах дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Падставай для адмовы ў выездзе ў трэція краіны грамадзян РФ і Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, з’яўляецца наяўнасць адпаведных звестак у аўтаматызаваных сістэмах дзяржаў – удзельніц пагаднення.
Кампетэнтнымі органамі па рэалізацыі пагаднення з’яўляюцца Федэральная міграцыйная служба РФ і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
