Дзяржсакратар Блінкен: ЗША падтрымліваюць імкненне народа Беларусі да свабоды і дэмакратыі



 Злучаныя Штаты падтрымліваюць імкненне народа Беларусі да годнасці, свабоды і дэмакратыі, заявіў 3 ліпеня дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

„Сёння спаўняецца 77 гадоў з дня заканчэння жорсткай акупацыі Мінска нацысцкай Германіяй. Нам нагадваюць, што працягваецца змаганне беларусаў за светлую будучыню. Народу Беларусі: Злучаныя Штаты падтрымліваюць ваша імкненне да годнасці, свабоды і дэмакратыі. Жыве Беларусь!” — напісаў Блінкен у сваім „Твітэры”.

Сёння ў Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень незалежнасці. Упершыню за 22 гады святкаванне пройдзе без ваеннага парада.

Варта зазначыць, што ў 1991—1996 гадах Дзень незалежнасці адзначалі 27 ліпеня — ён быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Рашэнне святкаваць Дзень незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прынятае па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года, правядзенне якога ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, Беларусь з’яўляецца адзінай з былых савецкіх рэспублік, чыё галоўнае дзяржаўнае свята не прывязанае да распаду СССР.

belapan.by