Экс-дэпутаты: Трэба адстойваць незалежнасць усім народам



У Менску правялі сход дэпутаты двух легітымных парламентаў — Вярхоўнага Савета 12 і 13 склікання.

Паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў, які быў госцем сходу, адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства і прынятай на ім заявы для захавання незалежнасці Беларусі.

– Самыя паважаныя людзі, якія прымалі першую Канстытуцыю, людзі легітымныя, іх ведаюць у грамадстве, сабраліся, таму што бачаць, што над нашай незалежнасцю ўзнікла вялікая пагроза. Нам толькі здаецца, што гэтая пагроза не такая страшная. Мы заўсёды павінны памятаць, што адбываецца ва ўсім свеце. Нейкая ствараецца складаная сітуацыя, усе думаюць, што яна сама сабой разрашыцца, а яна канчаецца тым, што людзі трапляюць у рабства.  

Таму зараз патрабуецца адстойваць незалежнасць Беларусі літаральна ўсім народам, – падкрэсліў Сяргей Законнікаў. Па яго словах, неабходна, каб аб гэтай падзеі – сходзе і прынятых на ім дакументах, даведаліся як мага шырэй не толькі ў беларускім грамадстве, але і ў свеце. „Каб ведалі, што ў Беларусі ёсць дэмакратычныя сілы, якія не хочуць ніякай каланізацыі. Яны стаяць за незалежнасць і будуць стаяць да канца”, – падкрэсліў Сяргей Законнікаў. 

Беларускае Радыё Рацыя