Забойства дыпламата можа выклікаць жорсткую рэакцыю Расеі



У Анкары застрэлілі  расейскага амбасадара. Сведкі зазначылі, што забойца дыпламата крычаў: “Мы паміраем у Алепа, ты паміраеш тут!”, а таксама: “Аллах акбар”.

xtapp5i3jxylbgwptg_w4a-zi0j0

Фота Burhan Ozbilici / AP / Scanpix / LETA

Масква вельмі дзіўна паводзіць сябе ў сірыйскім канфлікце, зазначае каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка. Беларускі палітык акцэнтуе ўвагу на тым, што Расея ўстала на бок шыітаў, хоць абсалютная большасць мусульманаў Расейскай Федэрацыі з’яўляюцца сунітамі:

– Ёсць такая пагаворка, што не кідай камень у дом суседа, калі сам жывеш у шкляным доме. У Расеі жывуць мусульмане-суніты, іх больш за 30 мільёнаў. І вось у гэтым блізкаўсходнім канфлікце Расея выступіла адназначна на баку шыітаў. І ўдзел Расеі быццам бы супраць ІДзІЛ перарос у змаганне з памяркоўнымі сірыйскімі групоўкамі.

Зміцер Бандарэнка лічыць, што забойства дыпламата можа выклікаць жорсткую рэакцыю з боку Расеі, але пакуль што складана сказаць, на каго яна будзе скіравана. У той жа ж час, на думку палітыка, забойства амбасадара сведчыць  пра тое, што расейцы не змогуць спакойна сябе адчуваць у суніцкіх краінах:

– Можна зараз сказаць, што расейцы не будуць сябе адчуваць у бяспецы ў любой суніцкай мусульманскай краіне. І я думаю, што рана ці позна гэтая памылка – ўдзел на баку шыітаў у Сірыі – прывядзе да ўнутраных канфліктаў і ў Расеі.

Таксама Зміцер Бандарэнка дадаў, што ўдзел СССР у канфліктах у далёкіх краінах, такіх як Ангола і Афганістан, наблізіла імперыю да распаду. Сённяшняе кіраўніцтва Расеі паўтарае гэты шлях, зазначыў палітык.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя