Эксперты: Расея будзе навязваць інтэграцыю з мэтай падпарадкавання Беларусі



Выкарыстоўваючы нафтагазавыя перамовы, Расея прадоўжыць спробы „прагматызацыі” адносін з Беларуссю і будзе выкарыстоўваць інтэграцыйныя праекты з мэтай падпарадкавання Беларусі. Такі прагноз прыводзіцца ў маніторынгу знешняй палітыкі і рэгіянальнай бяспекі „Менскі барометр”, які падрыхтавала экспертна-аналітычная ініцыятыва „Менскі дыялог”.

„Прывязка Расеяй умоў паставак нафты і газу да глыбіні інтэграцыі дэманструе, што Масква разглядае інтэграцыйныя аб’яднанні выключна як працэс з аднабаковым рухам — распаўсюджванне ўнутраных расійскіх правілаў на саюзныя краіны ў залежнасці ад ступені блізкасці”, — лічаць аўтары даследавання.

На думку экспертаў, у Расеі ёсць магчымасць аказваць націск на Менск і Масква будзе выкарыстоўваць выбары ў Беларусі, каб настойваць на сваіх умовах паставак энерганосьбітаў (газу і нафты) у рэспубліку.

„Наўрад ці даводзіцца чакаць дасягнення кампрамісу па гэтых пытаннях у першай палове 2019 года, паколькі перадвыбарчы сезон, які будзе ў Беларусі, на думку расейскага кіраўніцтва, дае шанцы ўсё ж падняць цэны для саюзніка”, — мяркуюць аўтары даследавання.

У сваю чаргу беларускае кіраўніцтва, як лічаць эксперты, на фоне пагаршэння адносін з Расеяй пастараецца развіваць заходні вектар знешняй палітыкі.

„У найбліжэйшыя месяцы адносіны Менска з Вашынгтонам будуць павольна, але паляпшацца. Працэс нармалізацыі будзе стымулявацца акрамя іншага і пагаршэннем адносін з Расеяй”, — прагназуюць аўтары „Менскага барометра”.

Нагадаем, Беларусь і Расея вядуць зацяжныя перамовы па нафтагазавых пытаннях. Пераднавагоднія сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін не прывялі да дасягнення канкрэтных дамоўленасцяў. Менск настойвае на кампенсацыі Масквой страт (10,5 млрд долараў), якія можа Беларусь панесці ў 2019—2024 гадах з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. У сваю чаргу расійскае кіраўніцтва заяўляе, што ніколі не абяцала беларускім уладам выплачваць гэтую кампенсацыю.

Акрамя таго, бакі пакуль не дасягнулі кампрамісу па пытанні ўмоў паставак газу ў Беларусь у 2020—2024 гадах.

belapan.by