Эльжбета Смулкова: 25 гадоў таму мы былі поўныя энтузіязму



Непарушныя межы, узаемапавага, выкананне правоў нацыянальных меншасцяў. 25 гадоў таму Беларусь і Польшча падпісалі Трактат аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве – базавы дакумент для дыпламатычных адносінаў. Трактат быў падпісаны тагачаснымі кіраўнікамі дзяржаваў – Станіславам Шушкевічам і Лехам Валэнсам.

Суаўтарам дакумента была першы Амбасадар Польшчы ў Беларусі прафесар Эльжбета Смулкова. Былы дыпламат узгадвае, што падрыхтоўка да пагаднення ішла цяжка, тым ні менш, тады, 25 гадоў таму панавала меркаванне, што любыя праблемы можна вырашыць, а адносіны паміж Польшчай і Беларуссю будуць вельмі блізкімі:

Ад такога агульнага трактату паміж дзвюма дзяржавамі пачынаюцца ўсялякія наступныя, далейшыя кантакты і дамоўленасці. Усе самыя галоўныя праблемы палітычнага характару заснаваны і ў Прэамбуле да трактату, які абапіраецца на Хартыю ААН, і таксама на некалькіх дакументах, звязаных з еўрапейскім супрацоўніцтвам. Былі вырашаны праблемы межаў, праблемы неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, праблемы гаспадарчага характару, праблемы нацыянальных меншасцяў з абодвух бакоў. Там яшчэ некалькі артыкулаў у самым трактаце, якія датычаць супрацоўніцтва парламентаў. І гэта фактычна вельмі добра рэалізоўвалася на пачатку нашай дзейнасці.

РР: У Прэамбуле Трактату напісана, што польскі і беларускі народы маюць культурную і этнічную блізкасць. Відаць, не ў кожным міждзяржаўным трактаце такое ёсць…

Эльжбета Смулкова: Не. Гэтыя трактаты заўсёды маюць пэўную праблему агульных адносінаў між дзяржавамі, але і некалькі сур’ёзных артыкулаў, якія адносяцца да спецыфікі кантактаў паміж краінамі. Можна звярнуць увагу на гістарычную блізкасць: гэта яшчэ сярэдневечныя адносіны ў Вялікім Княстве Літоўскім, пазней у Рэчы Паспалітай, і тыя цяжкасці, якія ўзніклі пасля І Сусветнай Вайны – Рыжская дамова, якая падзяліла Беларусь да двух розных светаў. Але я хачу яшчэ звярнуць увагу, што трактат, які мы падпісалі, даў падставу для такога сур’ёзнага перагляду ўсіх ранейшых дамоўленасцяў, якія былі паміж Польшчай і Савецкім Саюзам, і ў гэтым Саюзе Рэспублікі Беларусь. Гэта была вялікая праца. Трэба было праверыць усе дакументы і вырашыць, што мы пакідаем, а што абавязкова непатрэбнае, трэба адкінуць і нанова афармляць новыя дамоўленасці. І гэтых новых было шмат. На працягу першых трох гадоў маёй працы там падпісалі каля 40 дамоўленасцяў. Было даволі многа энтузіязму і такога спадзявання, што ёсць усе магчымыя падставы для таго, каб гэтыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі былі рэалізаваныя на новых асновах. Я гэта гавару з усім перакананнем.

РР: На пацверджанне Вашых словаў таксама можна ўзгадаць цытату тагачаснай прэм’ер Польшчы Ганны Сухоцкай, якая вярнуўшыся пасля візіту ў Менск у 1992 годзе, які Вы ладзілі, выказвала сваё спадзяванне, што Беларусь пойдзе ў Еўропу праз Польшчу, што Польшча будзе дапамагаць у гэтым Беларусі. Ці гэта сапраўды была такая асэнсаваная думка сярод польскай дыпламатыі ў той час?

Эльжбета Смулкова: У гэтым асяроддзі прэм’ер Сухоцкай фактычна такая думка была, і ў самога Валэнсы, нашага прэзідэнта. Але ўжо пад канец 1993 года я пачала разумець, што тут нейкі парог пераступлены, што далей мы ўжо не можам нічога сур’ёзнага зрабіць.

РР: З чым Вы гэта звязваеце?

Эльжбета Смулкова: Думаю, што больш яшчэ не з самым прэзідэнтам, а з больш шырокімі адносінамі ўнутры СНД і паміж Расеяй ды Беларуссю.

РР: Ужо тады беларускае кіраўніцтва скіравала свае вочы цалкам на Усход?

Эльжбета Смулкова: Выразна на Усход. Гэта яўна дало знак нам як краіне суседскай, што нашае месца і магчымасці супрацоўніцтва пачынаюць абмяжоўвацца. І так між намі кажучы, я папрасіла ўжо звальнення і вярнулася ва ўніверсітэт. Я разумела, што я ўжо там буду толькі фігурай, а гэта мяне не задавальняла.

Тут трэба спыніцца на тым, што старт Польшчы да перамен і Беларусі быў зусім іншы. Для нас распад Савецкага Саюза быў нечым натуральным з надзеяй будаваць самастойныя адносіны паміж асобнымі еўрапейскімі краінамі. З боку Беларусі таксама было многа такіх галасоў, Краўчанка гэтым займаўся як міністр, ён у многіх сітуацыях выказваў такія думкі, што Беларусь прэтэндуе на ўваход у Еўропу, група апазіцыйных парламентарыяў… Так што з аднаго боку былі гэтыя далікатныя парасткі, думкі пра аб’яднанне ў Еўропе, з другога боку афіцыйна ўжо пачаўся кірунак выключна на Расею. І па сённяшні дзень сустракаюцца людзі, якія гэты распад Саюза трактуюць як вялікае няшчасце, якія не бачаць вартасці ў дзяржаўнай самастойнасці. Хаця я назіраю праз гады рост грамадскага зразумення, што дзяржаўная самастойнасць – гэта каштоўнасць. І эпоха так званых “тутэйшых” адыходзіць абсалютна.

Нагадаем, што 23 чэрвеня 1992 года Станіслаў Шушкевіч і Лех Валэнса падпісалі Трактат аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве. У першай палове 90-х гадоў дыпламатычныя адносіны між Беларуссю ды Польшчай былі вельмі інтэнсіўнымі. Пазней, у сувязі з разваротам афіцыйнага Менска ў бок Расеі, стасункі з Варшавай прыйшлі ў заняпад, а пазней з-за ўстанаўлення ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму і зусім пагоршыліся.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава