Эрдаган правядзе тэлефонныя перамовы з Пуціным і Зяленскім



Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган паведаміў, што правядзе асобныя тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, перадае Анадолу.

Выступаючы перад рэпарцёрамі пасля паездкі ў Азербайджан, ён сказаў, што Турцыя будзе працягваць заклікаць бакі падтрымліваць каналы дыялогу і дыпламатыі для ўстанаўлення міру ва Украіне.

Паводле яго слоў, перамовы па заяўках Швецыі і Фінляндыі на ўступленне ў НАТА, якія прайшлі на мінулым тыдні, арганізаваныя Турцыяй у прэзідэнцкім комплексе ў сталіцы Анкары, „не прайшлі на жаданым узроўні”.

Сказаўшы, што Швецыя і Фінляндыя ўскладаюць надзеі на перамовы, Эрдаган, заявіў, што яны не зрабілі неабходных крокаў па патрабаваннях Турцыі.

„Мы не можам паўтараць памылкі мінулага па [прыняцці] краін, якія прымаюць і кормяць такіх тэрарыстаў, у НАТА, якая з’яўляецца арганізацыяй бяспекі”, – сказаў ён.

Швецыя і Фінляндыя афіцыйна падалі заяўку на ўступленне ў НАТА 18 траўня, гэтае рашэнне было выклікана вайной Расеі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага. Турцыя заявіла, што выступае супраць сяброўства Швецыі і Фінляндыі ў НАТА нібыта з-за падтрымкі гэтымі краінамі Працоўнай партыі Курдыстана (РПК), прызнанай у Турцыі тэрарыстычнай арганізацыяй.

[manual_related_posts]