Эрдаган выступіў за вяртанне ў Турцыі смяротнага пакарання
Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі пасля сканчэння рэферэндуму, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што ва ўрадзе краіны пачнуць разглядаць пытанне пра неабходнасць уводзінаў у Турцыі смяротнага пакарання, перадае Reuters.
Звяртаючыся да натоўпу сваіх прыхільнікаў у Стамбуле, Эрдаган сказаў, што ён намераны „неадкладна” абмеркаваць з прэм’ер-міністрам Біналі Йылдырымам і старшынём апазіцыйнай Партыі нацыяналістычнага руху Даўлетам Бахчэлі пытанне пра вяртанне ў канстытуцыю краіны смяротнага пакарання.
Уводзіны смяротнага пакарання будуць азначаць канец перамоваў пра ўваход Турцыі ў Еўразвяз, адзначае Reuters.
Эрдаган таксама заявіў, што за змены ў канстытуцыю і ўзмацненне прэзідэнцкай улады прагаласавалі 51,5% грамадзян, і адзначыў, што ўсе павінны паважаць рашэнне нацыі.
Турэцкае дзяржаўнае навійнае агенцтва Anadolu паведаміла, што па выніках падліку 99,9% бюлетэняў 51,2% выбарцаў прагаласавалі за ўзмацненне паўнамоцтваў прэзідэнта краіны, 48,8% выказаліся супраць такіх зменаў.
Беларускае Радыё Рацыя
