ЕС: Выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрантаў не можа быць апраўданае нічым



Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў і сходаў супярэчыць абвешчанай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам, гаворыцца ў заяве Еўразвяза пра апошнія падзеі ў краіне.

„Еўрапейскі саюз ўважліва сачыў за рэакцыяй беларускіх уладаў на нядаўнія дэманстрацыі. У апошнія дні мы назіралі штогадзінныя паведамленні аб прэвентыўных арыштах і затрыманнях паводле розных абвінавачанняў, журналістаў каралі за асвятленне падзей”, — адзначаецца ў заяве.

„І напярэдадні, і падчас сённяшніх падзей у межах Дня Волі, нягледзячы на заклікі міжнароднай грамадскасці да стрыманасці, адказ службаў бяспекі быў не выбіральным і непрымальным. У праваабарончым цэнтры „Вясна” былі праведзеныя вобыскі. Вялікая колькасць простых грамадзян была затрыманая без усялякай на тое прычыны”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Еўрасаюз заявіў пра неабходнасць захавання асноўных правоў і свабод, у тым ліку выказвання меркаванняў, асацыяцыі і сходаў. Усе нядаўна затрыманыя мірныя грамадзяне павінны быць „неадкладна вызваленыя”.

„Захады, зробленыя Беларуссю для захавання ўніверсальных асноўных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека, будуць заставацца ключом да фармавання адносін Еўрапейскага саюза з краінай”, — гаворыцца ў заяве.

belapan.by