Эскалацыя палітычнага крызісу ў Польшчы



Працягваецца крызіс і пратэсты пад польскім парламентам у абарону свабодных СМІ. У сярэдзіне будынка апазіцыйныя дэпутаты папераменна блакуюць трыбуну і месца маршалка. Абвастрэнне канфлікта пачалося ў пятніцу, калі з пасяджэння Сейма быў выключаны адзін з дэпутатаў апазіцыі, які пратэставаў супраць абмежавання доступу СМІ да працы парламента. Паводле падляшскага дэпутата ад імя партыі „Закон і Справядлівасць” Дарыюша Пёнткоўскага, тое што робіць Грамадзянская платформа разам з партыяй Новочэсна, блакуючы Сейм, гэта спроба стварэння анархіі ў Польшчы.

– Яны называюць сябе абаронцамі дэмакратыі, а насамрэч спрабуюць падпаліць Польшчу. Ужо некалькі месяцаў, пасля заканчэння выбараў, апазіцыя ўвес час гаворыць, што не задаволена з вынікаў выбараў і будзе рабіць усё, каб прызнаць гэтыя выбары няслушнымі і прыспешыць новыя выбары.

dsc05516

Паводле апазіцыянераў, маршалак Марэк Кухцінскі, які перанёс пасяджэнне Сейма ў іншую залу, дзе пасля перапынку адобрылі бюджэт без апазіцыі, павінен падаць у адстаўку, – кажа лідар Грамадзянскай платформы на Падляшшы Роберт Тышкевіч.

– Маршалак Кухцінскі мусіць быць адказным за крызіс, які сёння маем у Польшчы. Гэта яго рашэнні ў справе вольных медыяў, у справе пакарання пасла Шчэрбы і іншыя яго дзеянні прывялі да эскалацыі канфлікта і да той сітуацыі, з якой сёння маем дачыненне.

dsc05525

Лідары апазіцыі папярэджваюць, што застануцца ў Сейме да моманту, калі адбудзецца паўторнае галасаванне над бюджэтам з удзелам іншых партыі. Яны прапануюць паўтарыць абмеркаванне і галасаванне заўтра – 20 снежня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя