Еўрадэпутат: Кампраміс па пытанні палітвязняў немагчымы



Без вызвалення палітвязняў рэальны прарыў у адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам немагчымы, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН намеснік старшыні групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніетэ, якая наведала Менск на мінулым тыдні.

Візіт быў выкліканы неабходнасцю на месцы азнаёміцца і ацаніць цяперашні стан і перспектывы развіцця адносінаў паміж ЕЗ і Беларуссю, бо, паводле слоў Калніетэ, „ёсць геапалітычныя змены ў рэгіёне, а Беларусь адыгрывала канструктыўную ролю як пляцоўка для мірных перамоў” па Украіне.

Падчас візіту адбыліся сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі і сваякамі палітвязняў.

„На гэтых сустрэчах мы гаварылі пра тое, што рэальны прарыў у адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ магчымы толькі пасля вызвалення палітвязняў. Для нас гэта пытанне прынцыпу. Ніякі кампраміс па гэтым пытанні немагчымы”, – сказала еўрадэпутат.