Еўрадэпутаты абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
У абмеркаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі міжнароднай камісіі Еўрапарламента, а таксама кіраўнікі дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі.
Паводле сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталя Рымашэўскага, беларускія дэмакратычныя сілы выступілі з адзіным пасланнем адносна маючых адбыцца парламенцкіх выбараў:
– На нашую думку, галоўная небяспека будзе ў тым, што ўлады двух-трох чалавек нібыта ад апазіцыі, прызначаных у парламент, будуць выдаваць за посьпех, дэмакратызацыю, хоць рэальна ніякіх зменаў да лепшага, ніякіх паляпшэнняў умоў правядзення выбараў у Беларусі няма. ЦВК адмовілася ўносіць і прапановы АБСЕ, і прапановы незалежнай дэмакратычнай супольнасці па зменах у выбарчы кодэкс, правапрымяняльную практыку па працэдуры правядзення выбараў.
Таму надзвычай важна, што абсалютная большасць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў выступіла з адзіным пасланнем.
Прызначэнне двух – трох апазіцыйных ці псеўдаапазіцыйных кандыдатаў у парламент нельга лічыць дэмакратызацыяй. Мы патрабуем свабодных і справядлівых выбараў, – падкрэсліў Рымашэўскі. Па яго словах, такая пазіцыя была з разуменнем прынятая дэпутатамі Еўрапарламента.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ucpb.org
