Еўрадэпутаты адклалі паездку ў Беларусь



Чатыры дэпутаты Еўрапарламента адклалі паездку ў Беларусь з-за таго, што беларускі бок не знайшоў магчымасці арганізаваць для іх сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, каб абмеркаваць пытанні бяспекі БелАЭС.

Паводле паведамлення літоўскага аддзялення інфармацыйнага бюро Еўрапарламента, візіт у Беларусь мелі намер ажыццявіць парламентарыі Пятрас Аўштравічус, Альгірдас Саўдаргас, Броніс Ропе і Рэбека Харм. У іх планы ўваходзіла наведванне будпляцоўкі БелАЭС, якая будуецца непадалёк ад мяжы з Літвой у Астраўцы (Гарадзенская вобласць).

„Чацвёра членаў Еўрапейскага парламента запыталі пра сустрэчу з беларускімі ўладамі 20 красавіка ў Мінску. Учора, 10 красавіка, пасол Беларусі ў Бельгіі (Аляксандр Міхневіч. — БелаПАН.), спаслаўшыся на адміністрацыйныя прычыны, паведаміў ім, што арганізаваць запытаныя сустрэчы магчымасці няма”, — адзначылі ў інфармбюро.

„Мы перакананыя, што нам патрэбны адкрыты абмен [думкамі] і дыялог аб бяспецы АЭС у Астраўцы асабліва з-за той прычыны, што яна размешчаная на мяжы з ЕС. Мы расчараваныя тым, што візіт быў адкладзены. Мы гатовы ў любы час прыехаць у Менск і Астравец ў тым выпадку, калі ўлады выкажуць жаданне сустрэцца з намі і садзейнічаць наведванню будпляцоўкі”, — прыводзіць інфармбюро Еўрапарламента калектыўную пазіцыю чатырох еўрадэпутатаў.

У лютым МЗС Літвы апублікавала на сваім сайце дзесяць прычын, з-за якіх літоўскі бок не лічыць збудаванне Беларускай АЭС бяспечным. Было адзначанае, што пляцоўка для АЭС абраная непразрыста; будаўніцтва вядзецца ў зоне сейсмічнай актыўнасці; у выпадку аварыі на АЭС у зоне радыяцыйнай небяспекі апынуцца сталіцы 16 дзяржаў; атамная станцыя не вытрымае падзення цяжкага самалёта; у выпадку сур’ёзнага здарэння на АЭС будуць забруджаныя рэкі, якія сілкуюць траціну насельніцтва Літвы; місія МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб’ектаў з улікам знешніх пагроз на БелАЭС праведзеная толькі часткова; вынікаў стрэс-тэстаў станцыі да гэтага часу няма; пра ўсе інцыдэнты на будаўніцтве БелАЭС Літва даведваецца з неафіцыйных крыніц і з вялікай затрымкай; у Беларусі некампетэнтны орган па ядзернай бяспекі; беларускія ўлады не ідуць на супрацоўніцтва па спрэчных пытаннях праекта АЭС.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вада-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

belapan.by