Еўракамісар Хан сустрэнецца 30 студзеня ў Менску з Лукашэнкам



Камісар ЕЗ па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханес Хан падчас візіту ў Беларусь 30 студзеня сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўразвязе.

Таксама запланаваны сустрэчы Хана з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. На сустрэчах будуць абмяркоўвацца „канкрэтныя задачы, узгодненыя на саміце Усходняга партнёрства, і паглыбленне адносін паміж ЕЗ і Беларуссю”. „Гэта таксама будзе адлюстравана ў новых прыярытэтах партнёрства паміж ЕЗ і Беларуссю, якія будуць вызначаць далейшае супрацоўніцтва ў найбліжэйшыя гады. Камісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і ўдзельнікамі праекта МОСТ”, — падкрэслілі ў прадстаўніцтве.

„З часу майго апошняга візіту ў 2015 годзе адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю развіліся, і мы значна пашырылі сваё супрацоўніцтва, — цытуе Хана прадстаўніцтва Еўразвяза. — ЕЗ павялічыў падтрымку мер па развіцці рэгіёнаў і прыватнага сектара, падтрымку грамадзянскай супольнасці, а таксама дапамогу ў сферы энергаэфектыўнасці. Намаганні ЕЗ і далей будуць канцэнтравацца на актывізацыі ўзаемадзеяння з усімі сегментамі беларускага грамадства”.

„Мой візіт будзе засяроджаны на адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, правах чалавека, а таксама рэгіянальным супрацоўніцтве і сумесна дасягнутым прагрэсе ў рэалізацыі дакумента „20 канкрэтных задач да 2020 года”, якія закліканы забяспечыць пэўныя паляпшэнні ў паўсядзённым жыцці беларускіх грамадзян”, — адзначыў еўракамісар.

Візіт Хана ў Беларусь раней планаваўся 17 кастрычніка 2017 года, але быў перанесены ў сувязі з нечаканымі пытаннямі, якія ўзніклі пры падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага звяза ў Бруселі (адбылося 19—20 кастрычніка). Ёханес Хан сустрэўся з Андрэем Кабяковым 27 кастрычніка ў Люксембургу.

belapan.by