Еўракамісія адмаўляе наяўнасць любых перамоваў з Лукашэнкам
Еўракамісія не вядзе ніякіх перамоваў з Лукашэнкам. Аб гэтым на сённяшнім, 18 лістапада, брыфінгу заявіў афіцыйны прадстаўнік старшыні ЕК Эрык Мамер. Яго папрасілі пракамэнтаваць учорашнюю заяву аб тым, што Урсула фон дэр Ляйен падтрымлівае кантакт з дзяржавамі ЕЗ і вядзе тэхнічныя перамовы з УВКБ, МАМ і Беларуссю аб вяртанні мігрантаў.

«Каб растлумачыць сітуацыю. Як мы ясна сказалі ўчора, пытанне аб перамовах з рэжымам Лукашэнкі не стаіць. Мы аб’явілі ўчора, што мы будзем весці тэхнічныя перамовы з агенцтвамі ААН, у прыватнасці УВКБ і МАМ, і прадстаўнікамі Беларусі з мэтай спрасціць рэпатрыяцыю людзей, якія знаходзяцца на мяжы – гэта фокус нашых перамоваў. Таксама мы спрабуем спрасціць дастаўку гуманітарнай дапамогі людзям на граніцы ў Беларусі. Гэта адзінае, аб чым мы аб’явілі ўчора. Пытання аб любых перамовах з рэжымам Лукашэнкі не стаіць», – сказаў Мамер.
Нагадаем, на гэтым тыдні адбыліся дзве размовы Аляксандра Лукашэнкі і в.а. федэральнага канцлера Ангелы Меркель. Акрамя таго, кантакт падтрымлівалі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
Эрыка Мамера папрасілі ўдакладніць, ці ёсць у Ангелы Меркель мандат Еўразвяза на вядзенне перамоваў з Беларуссю. Ён адказаў, што Еўразвяз не можа даваць мандат таму ці іншаму палітыку, але дзяржавы-сябры вольныя падтрымліваць любыя двухбаковыя дыпламатычныя кантакты. Мамер таксама падкрэсліў, што Еўракамісія знаходзіцца ў пастаянным кантакце з дзяржавамі Еўразвяза.
