Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі



Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася сёння на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. Удзельнікі дыскусіі канстатавалі пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Напрыклад, польскі дэпутат Косма Златоўскі назваў паводзіны Аляксандра Лукашэнкі „дзіўнымі”. „Часам ён хоча быць бліжэй да ЕЗ, часам — да Расеі. Сёння ён аддаляецца ад Еўразвяза, — сказаў Златоўскі. — Беларусы пратэстуюць супраць падатку на дармаедства. І мы павінны іх абараніць, таму што для нас лепш, калі Беларусь бліжэй да Захаду” .

Дэпутат са Швецыі Сарая Пост зазначыла, што раней ЕЗ бачыў некаторыя паляпшэнні ў Беларусі — былі вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя, улады не перашкаджалі грамадзянам у правядзенні мітынгаў. Гэтыя паляпшэнні сталі прычынай рашэння ЕЗ аб зняцці санкцыі з Беларусі. „Але затым быў уведзены падатак на дармаедства, людзі пачалі выходзіць з пратэстамі на вуліцы і сутыкнуліся з затрыманнямі”, — дадала яна.

Броніс Ропе з Літвы заявіў: „Адмяняючы санкцыі, мы ў ЕЗ спадзяваліся, што Лукашэнка праявіць хоць нейкую павагу да правоў і свабодаў. Але апошнія падзеі ў Беларусі паказалі, што гэта не так”.

Мары-Крысцін Вяржы (Францыя) таксама адзначыла, што ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца правы чалавека. „І гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне”, — падкрэсліла яна.

Паводле слоў літоўскага дэпутата Петраса Аўштрэвічуса, праз год пасля зняцця санкцый, што было праявай добрай волі з боку ЕЗ у надзеі на паляпшэнні ў Беларусі, беларускія ўлады не дэманструюць ніякіх зменаў. Правы чалавека, паводле яго слоў, па-ранейшаму парушаюцца, Беларусь працягвае будаваць на мяжы з ЕЗ атамную станцую „з парушэннямі бяспекі”. „Палітыка ЕЗ у адносінах да Беларусі выглядае як збой, які паўтараецца”, — сказаў Аўштрэвічус.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі (Польшча) заявіў, што сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў краіне пагаршаецца. „Спадзяюся, што намаганні па нармалізацыі адносін двух апошніх гадоў не знікнуць марна. У нашай рэзалюцыі мы не заклікаем да вяртання санкцый, але перасцерагаем, што той шлях, якім ідзе Беларусь апошнім часам, можа прывесці да аднаўлення санкцый”, — сказаў Здраеўскі.

Мікаэла Шойдрава (Чэхія) звярнула ўвагу на значнае пагаршэньне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, узмацненне рэпрэсій супраць незалежных СМІ, а таксама пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. „Людзі выйшлі мірна пратэставаць супраць падатку „на дармаедства”, а рэжым адказаў ім рэпрэсіямі, — зазначыла яна. — Мы павінны выразна заявіць у нашай рэзалюцыі, што будзем уважліва сачыць за далейшым развіццём падзей”.

Джосэф Вайденхольцэр (Аўстрыя) зазначыў, што людзі ў Беларусі „не адмовіліся ад ідэі свабоды”. „Мы павінны даць ім сігнал, што мы з імі, — лічыць ён. — Менск пакуль працягвае рухацца па небяспечным шляху ўзмацнення рэпрэсій”.

Павел Целічка (Чэхія), у сваю чаргу, заявіў: „Выглядае так, нібы мядовы месяц (паміж Беларуссю і ЕЗ) скончыўся. Адмяняючы санкцыі, мы чакалі зменаў і павагі да правоў чалавека, але гэтага не адбылося”.

Агнешка Казлоўска-Раевіч (Польшча) заявіла аб тым, што ў Еўропе „расчараваныя навінамі з Беларусі”. „Рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў, палітычных апанентаў і незалежных СМІ вымагаюць асуджэння”, — перакананая еўрапарламентарый.

Галасаванне па рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі павінна прайсці сёння ў другой палове дня.

belapan.by