Еўрапарламент: Рэжым Лукашэнкі павінен спыніць пераслед незалежных СМІ



„Мы рашуча асуджаем неаслабныя рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць незалежных СМІ”, — заявілі кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань і спецдакладчык ЕП па Беларусі Пятрас Аўштравічус. Яны выступілі з сумеснай заявай у сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да найбуйнейшага беларускага партала навін tut.by.

„Улады здзейснілі рэйд на рэдакцыю tut.by і яе рэгіянальныя аддзяленні, вобшукі ў дамах у супрацоўнікаў і распачалі крымінальную справу з надуманых падстаў ухілення ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, на запыт генеральнага пракурора Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт партала, спаслаўшыся на меркаваныя парушэнні вельмі спрэчнага закона аб СМІ”, — адзначаецца ў заяве.

„На жаль, гэтыя апошнія шакавальныя падзеі не выклікаюць здзіўлення, — падкрэсліваецца ў заяве. — Рэжым Лукашэнкі ўжо пазбавіў tut.by статусу СМІ і бязлітасна штрафаваў, заключаў у турму і пераследаваў яго журналістаў. Зараз, падобна, ён мае намер выкарыстаць падатковае заканадаўства ў якасці падставы для пачатку яшчэ адной зламыснай атакі, скіраванай на тое, каб прымусіць замаўчаць tut.by, чыёй фактычнай „правіной” у вачах рэжыму, відаць, з`яўляюцца яго аб`ектыўныя паведамленні аб леташніх фальсіфікацыях на выбарах і аб цяжкім становішчы, у якое Аляксандр Лукашэнка паставіў краіну”.

Бедрань і Аўштравічус заклікалі ўлады Беларуси разблакаваць сайт tut.by і неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў і супрацоўнікаў партала. „Рэжым павінен спыніць ганебны пераслед незалежных СМІ і выканаць свае міжнародныя абавязацельствы па паважанні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ і свабоду выказвання меркаванняў, — гаворыцца ў заяве. — Акрамя таго, мы настойліва заклікаем ЕЗ неадкладна распачаць чацвёрты пакет санкцый супраць службовых асоб, якія бяруць удзел ці з`яўляюцца саўдзельнікамі фальсіфікацый на выбарах і наступных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама кампаній, што падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку і яго рэжым”.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). На сцвярджэнне ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Пра гэта была праінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by заблакаваны згодна з рашэннем Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры.

belapan.by

Фота: Frederick Florin/AFP via Getty Images