Еўрапарламент: санкцыі супраць Расеі павінны распаўсюджвацца і на Беларусь



19 траўня дэпутаты Еўрапарламента прынялі рэзалюцыю, якая заклікае распаўсюдзіць усе санкцыі, уведзеныя супраць Расеі з-за ўварвання ва Украіну, на Беларусь.

У рэзалюцыі дэпутаты асудзілі ролю рэжыму ў Беларусі, якую ён гуляе ў садзейнічанні вайне, што вядзе Расея супраць Украіны.

„Еўрадэпутаты лічаць, што беларускі рэжым павінен сумесна несці адказнасць за напад з усімі юрыдычнымі наступствамі, якія вынікаюць з міжнароднага права”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапарламента.

Акрамя гэтага, Еўрапарламент адзначыў узрослую ролю Расеі ў Беларусі, у тым ліку фінансавы ўплыў, што выклікае ў еўрадэпутатаў сумненні ў здольнасці Беларусі прымаць самастойныя рашэнні.

Еўрадэпутаты віталі прапановы Еўракамісіі аб шостым пакеце санкцый і заклікалі распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзены і будуць уведзены.

Рэзалюцыя заклікае правесці расследаванне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народа, заклікае краіны ЕЗ актыўна прымяняць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асоб, у тым ліку Лукашэнку, адказных за гвалт і рэпрэсіі.

Еўрадэпутаты асуджаюць затрыманні і арышты лідараў незалежных прафсаюзаў і заклікаюць вызваліць іх, асуджаюць нядаўнія змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць пакаранне смерцю за замах на тэрарызм, а таксама заклікаюць неадкладна адмяніць пакаранне смерцю, паведамляе reform.by.

[manual_related_posts]