Еўразвяз асудзіў адмову ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы кандыдатамі ў прэзідэнты



Адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не забяспечылі змястоўнага і канкурэнтнага палітычнага спаборніцтва, – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. «Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо раней адзначалася ў 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі, – сказаў Барэль. – Акрамя таго, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар’еры для вылучэння кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам у рамках АБСЕ і іншым міжнародным стандартам».

Паводле слоў Барэля, ЕЗ шкадуе, што рэкамендацыі АБСЕ аб унясенні ў заканадаўства істотных працэдурных і прававых гарантый, якія павышаюць інклюзіўнасць, сумленнасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, не былі выкананыя. Пры гэтым Еўразвяз чакае, што Беларусь неадкладна афіцыйна запросіць АБСЕ назіраць за выбарамі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]