Еўразвяз чакае рэформы выбарчага заканадаўства Беларусі



Еўразвяз чакае, што беларускія ўлады адновяць працу над рэформай выбарчага заканадаўства. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

ЕЗ Беларусь

У дакуменце адзначаецца, што ў папярэдняй справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ гаворыцца: падчас мінулых парламенцкіх выбараў у Беларусі „былі бачныя намаганні па рашэнні некаторых даўніх праблем”.

„Тым не менш шэраг ключавых рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі застаюцца не выкананымі, — сказана ў заяве ЕЗ. — Гэта сведчыць аб неабходнасці комплекснай рэформы выбарчага працэсу ў рамках больш шырокага працэсу дэмакратызацыі ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі. Мы чакаем, што беларускія ўлады адновяць працу над гэтым пытаннем без прамаруджвання”.

Рэфармаванне выбарчага заканадаўства будзе мець важнае значэнне для рэалізацыі ўсяго патэнцыялу адносін паміж Беларуссю і ЕЗ, падкрэсліваецца ў заяве.

„Еўразвяз імкнецца да стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні краіны на карысць народа Беларусі і працягне сваю працу ў гэтым кірунку”, — адзначаецца ў заяве.

Нагадаем, 12 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК плануе прааналізаваць рэкамендацыі, якія дасць па выніках назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, і падрыхтаваць даклад кіраўніку дзяржавы пра магчымыя змены ў выбарчае заканадаўства. Пры змене выбарчага заканадаўства „галоўнае — дзейнічаць у тым ключы, які рэкамендуе АБСЕ”, адзначыла кіраўнік ЦВК.

belapan.by